Чарговы суд па карагоднай справе ў Берасці
Судовы працэс над адзінаццатай часткай абвінавачваемых па карагоднай справе пачаўся на Берасцейшчыне. Судзяць 12 чалавек. Як і ў іншых частках, абвінавачванне тычыцца часткі 1 артыкула 342 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, – распавяла праваабаронца спадарыня Ганна, якая ў мэтах бяспекі не называе сваё прозвішча:
– Суд толькі-толькі пачаўся. Там толькі паспелі ўстанавіць, што адзін з абвінавачаных не з’явіўся і яго аб’явілі ў вышук, і аднаго абвінавачанага дадалі, які раней не быў заяўлены, не фігураваў у дакументах па гэтай групе. Гэты чалавек знаходзіцца ў СІЗА, яго абвінавачваюць менавіта па карагоднай справе.
Карагод адбыўся ў Берасці 13 верасня мінулага году. Сотні і тысячы людзей выйшлі на перакрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў і стварылі святочную атмасферу. У следства – іншая версія, якая кажа пра наўмыснае спыненне руха грамадскага транспарта.
Беларускае Радыё Рацыя