Прысуд па справе незалежнай журналісткі з Бярозы (абноўлена)



Адбыўся паўторны разгляд справы бярозаўскай журналісткі Тамары Шчапёткінай. Працэс праходзіў у будынку суда Ленінскага раёна горада Берасця з паўгадзінным перапынкам і з прыцягненнем дадатковых сведкаў.

Нягледзячы на ўсе высілкі, суд пастанавіў спагнаць з Тамары Шчапёткінай штраф у памеры 7 мільёнаў 200 тысячаў рублёў:

 – Ну, што тут скажаш? Лепшага я не чакала, бо няма ў нас суда, няма ў нас суддзяў. Суддзя Святаслаў Каліна – „малады ды ранні”, ён добра засвоіў, што трэба рабіць, каб рухацца па службовай лесвіцы. І ён будзе атрымліваць павышэнні, бо судзіць, “як трэба”, а не па законе.

Нагадаем што раней журналістцы ўдалося адмяніць мінулы прысуд па гэтай справе:  „працы без акрэдытацыі”, дзе памер штрафу быў роўны сённяшняму. Тады суддзя вышэйшай інстанцыі адмяніла прысуд і накіравала справу на паўторны разгляд, які і адбыўся сёння. Тамара Шчапёткіна збіраецца абскардзіць гэтае рашэнне.

* * *

Журналістка разам з абаронцам Паўлам Алесікам давялі ў абласным судзе, што суддзя Аляксандр Семянчук парушыў закон, правёўшы судовы працэс у яе адсутнасць. Пры тым што яна з адвакатам у той час былі ў судзе. Касацыйная інстанцыя пагадзілася, што суддзя пазбавіў  права на справядлівае судовае разбіральніцтва.  Тамара Шчапёткіна паспрабуе абараніць сябе і свае правы, але вялікіх спадзяванняў на справядлівы прысуд не мае.

– Усё ж такі я дакажу, што я не брала ніякага інтэрв’ю ў студзені, бо на сайце Беларускага Радыё Рацыя пасля лістапада нічога новага не было. Калі суд возьме гэта пад увагу і вынесе аб’ектыўнае рашэнне, то мы з адвакатам Алесікам спадзяёмся, што справа разваліцца. Бо такога факта не было. Я не падыходзіла да капітана Неліповіча, зусім не падыходзіла 8 студзеня. У чым мяне звінавачваюць? Я ж не брала ні інтэрв’ю, ні каментару.

Матэрыял, за які судзілі Тамару Шчапёткіну, датычны скандалу з ўдзелам жыхароў вёскі Арлянка Маларыцкага раёна – бацькі і сына Бельчукоў. Яны не дазволілі інспектару абласной ДАІ Сяргею Неліповічу забраць у іх са двара самаробны трактар. Міліцыянт звінаваціў Бельчукоў у тым, што яго збілі.

Сёлета Тамару Шчапёткіну ўжо двойчы пакаралі штрафамі, звінаваціўшы ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Разгляд касацыйнай скаргі па другім прысудзе прайшоў у раённым судзе без яе прысутнасці. Новы разгляд справы пачнецца сёння, 27 красавіка, у 15 гадзін.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя