Чарговы суд за Дзень памяці паўстанцаў 1863 года (абноўлена)
На пятнаццаць базавых велічынь аштрафаваны суддзёй Свіслацкага раённага суда Жанай Салагубік публіцыст і грамадскі актывіст Уладзімір Хільмановіч.
Пакаранне штрафам за „несанкцыянаванае масавае мерапрыемства” выглядае здзекам і ёсць пераследам за праяву нацыянальнай памяці, лічыць Уладзімір Хільмановіч:
– На разглядзе сваёй адміністрацыйнай справы я не прысутнічаў. Па-першае, у мяне не было магчымасці сёння паехаць у Свіслач, а па-другое, не было асаблівага сэнсу. Бо ўсе гэтыя справы загадзя вызначаныя пастановай. Яны маюць выразна абсурдны характар з юрыдычнага гледзішча і выразна палітычны карны характар. І тое, што перада мною ўжо пяць чалавек старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандар Шылін аштрафаваў на буйныя сумы, не давала нейкай надзеі, што ёсць шанец абараніцца.
Яшчэ два гарадзенцы: Сяргей Верамеенка і Мікола Салянік прыцягнуты да падобнай адміністрацыйнай справы ў Свіслачы. Разгляду іх спраў пакуль не было.
Раней старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін аштрафаваў на буйныя сумы 5 грамадскіх актывістаў: свіслацкіх Юрыя Глебіка (25 базавых велічынь) і Віктара Пяцельчыца (10 базавых), і гарадзенцаў Віктара Сазонава, Ігара Банцара на 15 базавых кожнага, Ежы Грыгенчу на 20 базавых.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
Чарговая адміністрацыйная справа ў Свіслачы будзе разгледжаная 3 снежня. Гэтым разам судзяць праваабаронцу з Гародні Уладзіміра Хільмановіча, аднаго з удзельнікаў традыцыйнага Дня памяці паўстанцаў 1863 года, які прайшоў 27 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы.
Па інфармацыі „Гарадзенскай Вясны”, карную эстафету прымае суддзя Свіслацкага раённага суда Жана Салагубік. За ёй цягнецца даўні і доўгі „шлейф” абвешчання карных пастаноў грамадскім актывістам за ўдзел у фэсце памяці. Так у 2015 годзе Салагубік аштрафавала гарадзенцаў Віктара Сазонава і Эдварда Дмухоўскага – кожнага на 10 базавых велічынь, Уладзіміра Хільмановіча і прадстаўніка Ваўкавыска Віталя Гуляка – кожнага на 40 базавых. У 2016 годзе яна ж аштрафавала Міколу Лемяноўскага, слонімцаў Віктара Марчыка і Паўла Севасцьяна – на 10 базавых велічынь кожнага, Эдварда Дмухоўскага – на 30 базавых.
Напомнім, што сёлета старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін ўжо аштрафаваў на вялізныя сумы 5 грамадскіх актывістаў: свіслацкіх Юры Глебіка (25 базавых велічынь) і Віктара Пяцельчыца (10 базавых), гарадзенцаў Віктара Сазонава (15 базавых), Ігара Банцара (15 базавых) і Ежы Грыгенчу (20 базавых).
Паводле spring96.org