Чарговы суд за Свіслач
Вядомая дата чарговага суда за свіслацкі фэст. Ваўкавыскі актывіст Віталь Гуляк атрымаў смс-паведамленне, што разгляд яго адміністрацыйнай справы адбудзецца ў Свіслачы 15-га снежня. Справа тычыцца яго ўдзелу ў фэсце памяці паўстанцаў Каліноўскага, які штогод ладзіцца ў Свіслачы ды Якушоўцы.
Віталь кажа, што на суд паехаць не зможа фізічна, бо знаходзіцца ў шпіталі, але і так бы не паехаў. Актывіст тлумачыць сваю пазіцыю:
– На акцыі ў Свіслачы да мяне ніхто не падыходзіў, ніхто не казаў, што я нешта парушаю. Таму я таксама буду ігнараваць.
Прыходзіў участковы, казаў, што складзены на мяне матэрыялы, праведзена апытанне. Я напісаў, што не зрабіў ніякага правапарушэння, нічога дрэннага не зрабіў. Таму рабіце, што хочаце, але без мяне.
За сёлетнюю акцыю ў Свіслачы ды Якушоўцы ўжо аштрафаваныя тры чалавекі: гарадзенскія актывісты Віктар Сазонаў і Эдвард Дмухоўскі, а таксама актывіст са Свіслачы Юры Глебік. Пратакол склалі і на грамадскага актывіста з Гародні Уладзіміра Хільмановіча. Суд над ім пройдзе 8 снежня ў Свіслацкім раённым судзе. 11-га снежня будуць судзіць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка.
Гарадзенския праваабаронцы ў выпадку парушэння правоў чалавека прапануюць звяртацца ў грамадскую прыёмную „Вясны”, дзе можна атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу і кансультацыі. Звяртацца праз тэлефоны: 8-029-6-99-11-25 альбо 8-029-67-6-04-67 (Velcom).
Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org