Чарговы суд за ўдзел у Свіслацкім фэсце
14 лютага ў Гарадзенскім абласным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі ўдзельніка ўшанавання паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы Юрыя Казакевіча. Каардынатар па Берасцейскай вобласці Руху “За свабоду” Казакевіч не пагадзіўся з рашэннем Свіслацкага суда і пакараннем штрафам у 10 базавых велічынь нібы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, кажа Юрый Казакевіч:
– Я прашу абласны суд разгледзець мой удзел ва ўшанаванні памяці паўстанцаў Каліноўскага так, як гэтага можна чакаць ад цывілізаванай дзяржавы, якая клапоціцца аб сумленных адносінах да сваіх грамадзян. Я чакаю поўнага апраўдання.
Юрый Казакевіч не бачыць сваёй віны ва ўскладанні кветак да помнікаў нашых гераічных продкаў у Свіслачы. Акрамя кветак у руках трымаў бел-чырвона-белы сцяг. У любым разе ён будзе працягваць штогод наведваць гэтыя мясціны, якія павінны ўшаноўваць усе беларусы.
Беларускае Радыё Рацыя
