Чарговыя акты вандалізму на старажытных могілках Пінска



На старажытных могілках Пінска, якім ужо бадай 200 год і дзе пахаваныя знакавыя постаці мінуўшчыны не толькі для Беларусі, прадстаўнікі грамадскасці выявілі чарговыя акты вандалізму. Ускрытыя некалькі скляпоў і пабітыя крыжы з агароджамі.

Цягам дзесяці год праблема не вырашаецца – адзначае краязнаўца Эдвард Злобін. Паводле яго слоў, яшчэ ў 2007 годзе, калі адбыўся буйны акт вандалізму, было ўзнятае пытанне пра неабходнасць аховы могілак:

– Могілкі не набылі статусу. Няма рэжыму яго функцыянавання. Могілкі да гэтага часу з’яўляюцца прахадным дваром – рабі, што хочаш. Адсюль праблема, якая існуе. Няма на могілках вартаўніка. Ёсць адміністрацыя, ёсць работнікі, якія сочаць, але яны сочаць у працоўны час, з 8 да 17.  Пасля – могілкі адкрытыя для любых дзеянняў.

Краязнаўца дадае, што за дзесяць год атрымалася прыцягнуць больш шырокую ўвагу грамадскасці, арганізоўваць акцыі па ўпарадкаванні, але ў плане захавання могілак і супрацьдзеяння вандалам – усё засталося без перамен.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск