Чарговыя штрафы для незалежных журналістаў
Незалежныя журналісты Вольга Чайчыц і Сяргей Краўчук аштрафаваныя кожны на 40 базавых велічынь (980 рублёў) за дзейнасць ад імя польскага тэлеканала „Белсат”. Пра гэта Чайчыц паведаміла БелаПАН.
14 снежня ў судзе Першамайскага раёна Менска разглядаюцца пяць адміністрацыйных спраў супраць журналістаў, якія асвятлялі дазволены ўладамі традыцыйны мітынг на Дзяды ва ўрочышчы Курапаты 28 кастрычніка.
Журналістаў Вольгу Чайчыц, Сяргея Кавалёва, Любоў Лунёву, Ірыну Арахоўскую і Сяргея Краўчука судзяць па артыкуле 22.9 (ч. 2) КаАП за незаконны выраб прадукцыі СМІ.
Суддзя Святлана Чараповіч аштрафавала Чайчыц на 40 базавых велічынь — 980 рублёў. Такім жа штрафам пакарала Краўчука суддзя Таццяна Ліннік. Арахоўская і Кавалёў у судзе не прысутнічалі, іх асудзілі завочна. Пры гэтым суддзі не назвалі суму штрафаў. Справа Лунёвай будзе разглядацца ў 14 гадзін.
Для Чайчыц гэта ўжо 13-ты суд у гэтым годзе. Летась яна была аштрафаваная дзевяць разоў, агульная сума штрафаў склала некалькі тысяч долараў.
Яна паведаміла, што разам з Краўчуком будзе абскарджваць рашэнне суда, паколькі ў пратаколах была памылка. „Раней міліцыя заўсёды пісала ў пратаколе” незаконны выраб прадукцыі СМІ”, а зараз напісалі „выраб рэпартажу”. Тут прымененая няправільная тэрміналогія, гэта памылка, — сказала журналістка.
На яе думку, журналісты будуць спрабаваць абскардзіць прысуд, хоць шанцаў мала.