Чарговыя выбухі на вайсковых складах ва Украіне
Непадалёк райцэнтра Ічня, што ў Чарнігаўскай вобласці, адбыўся маштабны выбух на складзе боезапасаў.
Пакуль звесткі даволі фрагментарная. У 3:30 ночы паступіла інфармацыя, што на тэрыторыі вайсковага арсенала адбыліся выбухі боезапасаў. У Ічне заняліся пажары, але яны былі патушаныя. У выніку выбуху па пасёлку разляцеліся снарады і ракеты, але пацярпелых, на шчасце, няма.
Міністэрства надзвычайных сітуацый Украіны праводзіць маштабную эвакуацыю, з райцэнтра вывезена 12 тысяч чалавек. Украінскія ўлады не выключаюць, што на вайсковых складах адбылася дыверсія, але непасрэдных пацверджанняў гэтаму пакуль няма.
За апошнія тры гады гэты ўжо трэці выбух на артылерыйскіх складах Украіны. У 2015 годзе выбухнуў арсенал у Сватаве, што на Луганшчыне, у 2017 годзе – артылерыйскія склады ў Балаклеі, што на Харкаўшчыне. Тыя выбухі былі прызнанымі дыверсіямі.
У Чарнігаўскай вобласці ўзмоцненае патруляванне дзяржаўнай мяжы, у тым ліку і з Беларуссю.
Беларускае Радыё Рацыя