Чарговыя затрыманні сярод абаронцаў Курапатаў
Затрыманыя 19 ліпеня каля сталічнага рэстарана „Гранд Кушавель” абаронцы Курапатаў Вольга Нікалайчык, Леанід Кулакоў і Майя Навумава знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
Паводле слоў палітыка, яму толькі што ўдалося датэлефанавацца ў ЦІП, дзе паведамілі, што актывісты знаходзяцца ў іх. Якая прычына затрымання Нікалайчык, Кулакова і Навумавай, у ЦІП не паведамілі. Севярынец мяркуе, што ўжо сёння адбыўся суд і затрыманыя адбываюць адміністрацыйны арышт.
Актывісты сабраліся каля „Гранд Кушавеля”, каб раздаваць наведвальнікам рэстарана, які належыць бізнесмену Леаніду Зайдэсу, інфармацыйныя матэрыялы пра Курапаты. Ва ўрочышчы, дзе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, нядаўна адкрыўся забаўляльны комплекс з рэстаранам „Паедзем паядзім”, які таксама належыць Зайдэсу.
Нікалайчык, Кулакоў і Навумава былі затрыманыя прыблізна ў 14.00, праз пяць хвілін пасля пачатку акцыі. Іх пасадзілі ў сіні міліцэйскі мікрааўтобус і павезлі, як мяркуецца, ва УУС Цэнтральнага раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца „Гранд Кушавель”.
18 ліпеня абаронцы Курапатаў абвясцілі пра пачатак кампаніі грамадскага байкоту забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім”, а таксама яго ўладальнікаў і ўсіх, хто звязаныя з яго працай. Першая акцыя пратэсту павінна была прайсці 19 ліпеня ля рэстарана „Гранд Кушавель”.
* * *
Пра затрыманні перад пачаткам сходу Руху салідарнасці “Разам” Цэнтральнага раёна беларускай сталіцы паведаміў сустаршыня Руху Вячаслаў Сіўчык.
– Яны былі арыштаваныя каля рэстарана “Гранд Кушавель” – Леанід Кулакоў, Мая Навумава і Вольга Нікалайчык. Невядома дзе яны знаходзяцца, таму што ў Цэнтральным РАУСе і ў судзе Цэнтральнага раёна адмаўляюцца даваць хоць якія канкрэтныя звесткі па іх. Гэта звязана з тым, што адбыўся камітэт у Курапатах, дзе была падтрыманая ініцыятыва – пачаць байкот і іншага рэстарана Зайдэса „Гранд Кушавель”, пікетаваць яго, каб наведнікі ведалі, што гэты рэстаран таксама належыць тым людзям, якія пабудавалі “кабак на касцях”.
Бізнесовец Леанід Зайдэс – уласнік забаўляльнага комплексу з рэстарацыяй “Поедем поедим” у Курапатах абвясціў пра свой намер зрабіць 20-га ліпеня афіцыйную заяву для прэсы.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск