Чарговыя звальненні за прыналежнасць да Свабоднага прафсаюза



З Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў звольненыя два высокакваліфікаваныя наладчыкі Аляксандар Варанкін і Аляксандар Грамыка. Фармальная прычына — сканчэнне тэрміну дзеяння працоўнага кантракту. Сапраўдная, як лічыць лідар Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў, членства у Свабодным прафсаюзе:

– Ім было сказана яшчэ год таму – хто да 1 верасня 2013 года не выйдзе са Свабоднага прафсаюза, усе будуць звольненыя. Тым больш, гэтыя людзі ўдзельнічалі ў галадоўцы супраць беззаконня ў адносінах да Свабоднага прафсаюза на заводзе. Гэта ўсё адбываецца ў той час, як на Бабруйскі завод пастаянна патрабуюцца рабочыя. Атрымліваецца парадокс, калі звальняюць спецыялістаў, і ў той жа самы дзень бяруць на працу чалавека, якога тройчы звальнялі за п’янку.

Супраць звальнення сябраў прафсаюзу выступала кіраўніцтва цэху, дзе працавалі наладчыкі, але адміністрацыя прадпрыемства вырашыла не падаўжаць з імі кантрактаў. Толькі за гэты год з Бабруйскага заводу звольненыя шасцёра сябраў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Фармальная прычына звальнення тая ж — сканчэнне тэрміну дзеяння працоўных кантрактаў.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bztda.com