Чарнобыль на старонках цэнтральнай газеты СССР
Усяго 14 секунд! Столькі савецкае тэлебачанне, ды і тое ажно праз два дні, адвяло інфармацыі пра найвялікшую тэхнагенную катастрофу ў гісторыі чалавецтва. Усяго 14 секунд! Пра тое, што змяніла лёсы тысячам сямей, адняло здароўе і жыццё, нанесла непапраўную шкоду навакольнаму асяроддзю некалькіх краінаў…
“На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбылася аварыя. Пашкоджаны адзін з атамных рэактараў. Прымаюцца меры па ліквідацыі аварыі. Пацярпелым аказваецца дапамога. Створана ўрадавая камісія”, – суха паведаміў дыктар праграмы “Время” 28 красавіка 1986 года. Гэтае ж паведамленне ТАСС трапіла ў друк. Пасля доўгае маўчанне, якое толькі напаўняла грамадства чуткамі. Савецкая прапаганда сама ўтварыла інфармацыйны вакуум, можа быць упершыню дала збой і тым нанесла моцны ўдар па партыі, сістэме.
14 траўня 1986 года да жыхароў СССР па цэнтральным тэлебачанні звярнуўся кіраўнік краіны Міхаіл Гарбачоў. Ягоная прамова заняла каля 2 хвілін эфіру. “Усе вы ведаеце, што нядаўна нас напаткала бяда – аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Яна больна закранула савецкіх людзей, захвалявала міжнародную супольнасць. Мы ўпершыню рэальна сутыкнуліся з такою моцнай пагрозай, якой з’яўляецца ядзерная энергія, якая выйшла з-пад кантролю. Улічваючы надзвычайны і небяспечны характар таго, што адбылося ў Чарнобылю, Палітбюро (кіраўнічы орган КПСС-аўт.) узяло ў свае рукі ўсю арганізацыю працы па хутчэйшай ліквідацыі аварыі, абмежаванню яе наступстваў. Вялікую долю працы і адказнасці ўзялі на свае плечы партыйныя, савецкія і гаспадарчыя органы Украіны і Беларусі. На сёння 299 чалавек шпіталізаваныя з дыягназам прамянёвай хваробы рознай ступені цяжкасці, 7 з іх памерлі. Ад імя ЦК КПСС і савецкага ўрада выказваю вялікае спачуванне сем’ям, сваякам загінулых, працоўным калектывам, усім, хто пацярпеў ад гэтай бяды, каго напаткала асабістае гора”, – прамовіў генеральны сакратар Кампартыі Савецкага Саюза.
Менавіта пасля звароту Гарбачова ў савецкай прэсе пачалі масава з’яўляцца матэрыялы пра Чарнобыль. Рэгіянальныя выданні пераважна змяшчалі інфармацыю ТАСС альбо партыйныя рашэнні адносна трагедыі. А вось на старонках “Собеседника” з канца траўня і да верасня бадай штонумар друкаваліся публікацыі па Чарнобылю. Перад тым, як перайсці да іх агляду крыху, засяродзім увагі на тое, а чаму маўчалі амаль тры тыдні.
Той жа Гарбачоў праз гады ўзгадваў, што нібы партыйнае кіраўніцтва не разумела маштабу катастрофы, негатыўнага ўплыву на здароўе, таму адразу не паведамлялі ў СМІ і не адмянілі шэсці на травеньскія святы. Маўляў, гэта не з-за ідэалогіі ці нейкіх там камуністычных прынцыпаў. Тым не менш, на месцах наменклатура папярэдзіла “сваіх” ды вывозіла куды падалей… Усё разумелі…
На момант 1986 года “Собеседник” – гэта зусім новае выданне агульнасавецкага маштабу. Яно з’явілася ў лютым 1984 года, як штотыднёвы дадатак да буйной газеты “Комсомольская правда”. Большасць старонак былі каляровымі ў адрозненне ад такіх дагэтуль вядомых савецкіх газет, як “Правда”, “Труд” ды “Известия”. Яшчэ адная асаблівасць новаўтворанага сродка прапаганды ў тым, што выданне было разлічанае на маладое пакаленне грамадзян. На тых, хто не будзе чытаць прэсу, заснаваную яшчэ пры Леніне, цалкам афіцыёз і партыйна-ўрадавыя паведамленні.
Пачынаем гартаць “Собеседник” за перыяд травень-верасень 1986 года. Напрыканцы траўня з’яўляецца вялікі матэрыял “Супрацьстаянне”. Аўтары Вольга Дзмітрыева і Віталь Анькоў прыцягваюць увагу чытача ружовай зноскай: “Надзвычайная сітуацыя сама па сабе не нараджае ні герояў, ні баязліўцаў. Яна ўсяго кантрасна высвятляе чалавечую сутнасць. Надзвычайная сітуацыя ў Чарнобылю стала той зонай падвышанай маральнай адказнасці, пропускам у якую можа быць толькі рэальнае грамадзянскае дзеянне”. У цэлым артыкул без ярлыкоў і штампаў, апісвае працу і побыт першых ліквідатараў. Яны ж адкрытыя да дыялогу, падрабязна распавядаюць пра сітуацыю. На момант выхаду нумара мінуў усяго месяц! Цяжка нават уявіць, што гэтыя першыя героі сталі ж першымі ва ўсіх далейшых наступствах уплыву радыяцыі.
У першым чэрвеньскім нумары пра хлапцоў, якія займаліся дезактывацыяй, апрацоўвалі тэрыторыю адмысловымі сродкамі абароны, распавёў Міхаіл Сердзюкоў у публікацыі “Зона мужнасці”. Героем артыкула стаў пажарны Станіслаў Багатырэнка з Данецка. У Чарнобылю ён быў намеснікам начальніка штаба пажарнай аховы АЭС. Цікава, што ў 2007 годзе Багатырэнка ў інтэрв’ю ўкраінскай газеце “Фактары і каментары” распавёў наступнае: “23 траўня 1986 года адбыўся пажар, па памерах невялікі, але наступствы маглі быць ужо катастрафічнымі для ўсёй Еўропы. Гарэла электраправодка, і ад яе занялося масла, якое пасля выбуху выцекла з турбіны рэактара, недзе 800 тон. Калі б не аператыўнасць, то чарнобыльская зона была б не 30 кіламетраў, а ў сотні раз большай…”.
“Шчыт для Чарнобыля” – такі матэрыял з’явіўся ў другім чэрвеньскім нумары, але ўжо не на першых старонках. Ён меў фармат інтэрв’ю, суразмоўцам выступіў міністр вугальнай прамысловасці УССР Пётр Бігма. Гутарка вялася пра тое, якім чынам будзе зроблена “кансервацыя” рэактара ды ягонае канчатковае “ахаладжэнне”. Міністр прызнаўся, што задача цяжкая, таму акрамя вугальшчыкаў, парады даюць газавікі, геолагі, нафтавікі. Пётр Бігма агучыў і цікавую лічбу. За першы месяц пасля аварыі ў зону накіравана 580 прадстаўнікоў вугальнай прамысловасці з усёй краіны.
“Сёння ў Чарнобылі працуюць лепшыя з лепшых шахцёрскай гвардыі краіны. А шчыт, пад якім працуюць праходчыкі пад 4-м блокам, гэта, кажучы іншасказальна, надзейны шчыт і для ўсяго Чарнобыля. Мы абавязкова выканаем сваю частку задачы: і надзейна замуруем у бетон атамнага „джына„, – на завяршэнне сказаў міністр Пётр Бігма.
Безумоўна, абысціся без ідэалагічнага складніка было немагчыма. У трэцім чэрвеньскім нумары “Собеседника” з’яўляецца аповед пра камсорга (камсамольскі актывіст, – аўт). Карэспандэнт падрабязна апісвае подзвіг камсамольца і праз яго паказвае, які значны ўнёсак зроблены ўсім ВЛКСМ. Тэма камсамольцаў, партыйных таварышаў працягнулася і ў апошнім чэрвеньскім нумары выдання ў нататках Пятра Палажэўца. Тут ужо амаль літаратурны твор, драма…Камсамольскі шлюб і покліч партыі, развагі пра савецкае будучае, лепшую долю працоўных і т.д.
Дзеці. Стан здароўя, што чакае іх наперадзе? Бадай лёс маленькіх ахвяр ужо тады турбаваў грамадства, куды больш, чым маёмасць і іншыя акалічнасці. У ліпеньскім нумары з’яўляецца паведамленне, што 213 дзяцей з Хойніцкага раёна накіраваныя ў летні лагер “Зорька”, што ў Віцебскай вобласці. Казалася, што ўсе яны знаходзяцца пад сталым наглядам медыкаў.
Увогуле, сітуацыя з непаўнагадовымі прымусіла актыўную частку грамадства, наўпрост неабыякавых, паклапаціцца за лёс будучыні Беларусі. Так, напрыканцы 1980-х гадоў пры БНФ паўстаў Камітэт “Дзеці Чарнобыля”, а ўжо ў 1990 годзе заснаваны дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля”. Усё з ініцыятывы дэпутата Вярхоўнага Савета Генадзя Грушавога. Клапаціліся і беларусы замежжа. Так, у 1989 годзе ў Канадзе Івонка Сурвіла заклала Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. А ў ЗША з’явіўся фонд школы Рамапа “Дзецям Чарнобыля”. Дзякуючы гэтым арганізацыям, сотні маленькіх беларусаў прайшлі рэабілітацыю, атрымалі гуманітарную падтрымку ды медычную дапамогу.
Пытанне жылля для перасяленцаў з зоны адчужэння трэба было закрываць неадкладна. Ягоным вырашэннем з большага занялося кіраўніцтва БССР ды УССР, але пад кантролем Масквы, як тое і абяцаў у звароце Міхаіл Гарбачоў. Мінула крыху меней чым паўгода па аварыі, а на старонках газет пачалі мільгаць паведамленні наступнага кшталту: “У Валадарскім раёне Кіеўскай вобласці, каля сяла Зрайкі, у рэкордна кароткі тэрмін былі пабудаваны 120 добраўпарадкаваных дамоў для эвакуяваных з Чарнобыльскай зоны працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Тэмпы прац, якія вёў трэст “Хмяльніцкагражылбуд”, вытворчасць працы ў лепшых брыгадах часам у пяць разоў перавышалі звычайныя. У знак удзячнасці навасельцы назвалі пасёлак Хмяльніцкім. Яшчэ адзін пасёлак вырас у Васількоўскім раёне”.
Праз пяць гадоў пасля Чарнобыля сышоў у мінулае СССР, але актыўныя працы па ліквідацыі наступстваў аварыі працягнуліся да 2000 года. Праца вядзецца і зараз па 5-й адмысловай дзяржаўнай праграме. Чарнобыльскае рэха яшчэ доўга будзе чутно на беларускай зямлі…
Беларускае Радыё Рацыя