Чарнобыльская рапсодыя на Клімаўшчыне



“Мы ёсць, каб не быць…”

                             Алесь Разанаў    

Падарожнічаю каторым разам – цяпер на 30-я ўгодкі народзінаў Зоны. Карціна, што адкрываецца на беларускім тысячакіламетровым шляху на Чарнобыльскую Галгофу, па мясцінах, куды прыйшлося 70 адсоткаў радыёактыўных выкідаў, прымушае ўразіцца. Што геаграфічна, псіхалагічна гэта ўжо дзве розныя Беларусі. І масткі між імі не перакінутыя. Урокі дзеля здароўя, плоднасці, далейшага існавання беларусаў на Зямлі ды ў Сусвеце не атрыманыя. У Зоне ж застаюцца гарады, вёскі, дзе больш за сотні і сотні тысяч маленькіх ды дарослых чарнобыльцаў наканавана выміранне ад розных хвароб.

* * *

Рэгіён Клімаўшчыны на Магілёўшчыне пасля Чарнобыля лічыўся ці не самым забруджаным. Адных цалкам адселеных вёсак было 16. Дый што там – палова самых Клімавіч лічылася зонай адсялення. 29 паселішчаў, дзе радыяцыя звыш 1 кюры на квадратны метр, мелі да пачатку веку статус пацярпелых. Дзе людзі атрымлівалі, праўда, мізэрныя, так званыя „грабавыя”. У 2006 тут зрабілі гіганцкі  крок да забыцця Чарнобыля – на 5000 га забруджаных тэрыторый быў адменены кантрольна-прапускны рэжым. Што там зараз, праз 30 год пасля аварыі?!

* * *

Пачатак вандроўкі, аднак, быў на дзіва аптымістычным. Ва ўніверсаме райцэнтра сустрэўся з 26-гадовым Алесем Білібіным.

IMG_1025

Тут ён гандлюе латарэйнымі квіткамі – маўляў, нідзе не можа ўладкавацца “за палітыку”. Сам з вёскі Паўлавічы, што ў 8 км ад райцэнтра і дзе жывуць чарнобыльскія перасёлы. Адтуль і туды часцяком дабіраецца пешшу. Гэдак пайшлі і мы з ім. Але па шляху загаварыў спачатку пра сваю апазіцыйную дзейснасць. У часе апошняй прэзідэнцкай кампаніі адзін сабраў аж 700 (! ) подпісаў за Таццяну Караткевіч. Дагэтуль шкадуе, што ёй не было ў дэмлагеры альтэрнатывы. Што адбылося пасля – яго словамі:

АЛЕСЬ: У хату прыехаў участковы ды ўчыніў допыт – “узгадай, што казаў людзям у часе размоў – патэлефанавалі, што казаў дрэнныя словы пра прэзідэнта!” Ну, адзінае што – некалькім чалавекам прамовіў у размове, што час мяняць “лысую гуму”. Аб 11-й наступнага дня з’явіліся прама на працы і ў аўтазаку адвезлі да намесніка начальніка РАЎС. Далі падпісаць паперу, што нясу адказнасць за сказаныя словы. Паабяцалі 12 год за кратамі, калі буду “займацца НЯ ТЫМІ справамі…”

У яго хаце, на тле мільгаючага на тэлеэкране “Белсата”, ляжыць на стале найвядомая ў тых краях крычаўская незалежная газета “Вольны горад”. Працягваем:

АЛЕСЬ: Без незалежных СМІ, калі глядзець на дзяржаўным тэлеэкране адну і тую ж пысу, што “на ўсе праблемы майстра” – звар’яцееш! Прачытаеш, паглядзіш-паслухаеш, колькі насамрэч думаюць як ты – нават фізіялагічна лягчэе. Бо не згасае вера, што няўмольна надыдуць перамены, краіна зменіцца. У сёлетняй парламенцкай кампаніі ўсё роўна буду браць удзел!

РР: Але ты пайшоў у апазіцыю, сказаўшы, што “не хачу жыць ва ўмовах дыктатуры”…

АЛЕСЬ: Так, я супраць рэжыму, што давёў людзей да жывёльнага стану. Вёска сама па сабе вымірае. Закрылі школу, няма працы. Маладым застаецца хіба з’яжджаць у горад, здымаць там кватэру, калі пашанцуе працаўладкавацца. Тут засталіся старыя і што дажываюць свой век. Пойдзем, пакажу!

* * *

Пенсіянерка, спадарыня Тамара Аблачынская пякла блінцы для ўсяго сямейства. Але адарвалася, калі даведалася з-за чаго прыехаў. Захоўваю тут і далей стылістыку.

Сп. ТАМАРА: У верасні будзе 30 год, як пераехалі сюды з бацькоўскага паселішча Востраў, як толькі пабудавалі дамкі для перасёлаў. Тады яшчэ па “гуманітарцы” кансервы давалі з нейкім мясам – так і не разабраліся з чыім! (хахоча). Згушчонку выдавалі па 2 баначкі на пяць чалавек. А шча ж жа ваабшчэ грошай не даюць – раздзелюць той заробак пасля пералічэння “на магазін” ды на рукі па 200-500 тысяч. Дый не адразу. Паўлавічы зараз падсобная гаспадарка “Райаграпрамтэхснабу”. Гэта мы, пенсіянеры, самыя багатыя і на рукі палучаем!

Заходзім на падворак, дзе певень з куркамі ды парсючок Барыс. У агародзе за дзясятак вулляў з пчоламі. Галоўныя надзеі для натуральнага існавання сямейства Ніны і Міхаіла Судзілоўскіх.

IMG_1026

Апошні таксама на пенсіі. Гаспадыня працуе даяркай, але ў хаце, бо зламала руку.

IMG_1027

І – адразу пра балючае:

НІНА: Во нам пакладзена, каб зряплату да 25 чысла давалі да канца месяца. А нам толькі за студзень выдалі! І тое – мне апошнім разам паўтара мільёна на магазін перячіслілі, а на рукі па 200-400 рублей выхадзіла! А за месяц самае бальшое выходзіць паўтара – мільён васемсот. А летам вабшэ можам па 900 тысяч палучаць. Во як мне жыць?!

6 год таму Клімаўшчына перастала быць зонай перыядычнага радыяцыйнага кантролю. Тлумачыць Міхась ШПАКАЎ, урач-інфекцыяніст, што быў загадчыкам чарнобыльскага рэгістру асобаў, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

IMG_1007

У яго на стале – выява “Пагоні” ды бел-чырвона-белы сцяжок, што не знікаюць з 90-х, нягледзячы на самыя “строгія” ўказанні начальства. Спецыяліст класны – з гэтым нічога не могуць зрабіць. Як і з шыльдай на беларускай мове на дзвярах кабінета – “кішкавыя захворванні”. Дарэчы, з “рэгістру” сышоў адмыслова-дэманстратыўна сам, не жадаючы быць шыльдай “для хлусні пра Чарнобыль”.

Сп. МІХАСЬ: Ніякага сэнсу не было ў далейшай працы. Пра трагедыю ў нас зараз публічна нагадваюць раз на год, калі падвозяць артыстаў з Менску з расейскімі песнямі-пляскамі. Не згадваюць пра прычыны трагедыі, пра штучна зробленыя чарнобыльскія ападкі па камандзе з Масквы. Хоць нічога, натуральна, не змянілася – радыёізатопы распадаюцца з такой жа хуткасцю – праз год 135. Медыкаў “занялі” ўсеагульнай дыспансерызацыяй-прафанацыяй, на якую не хапае ані сродкаў, ані рэактываў. Увогуле, зрабіць “зону забыцця” было палітычным рашэннем уладаў. Бо прызнаць “чарнобыльцамі” за 10 тысяч клімаўчан – вялізныя выдаткі з бюджэту. Раней былі, хоць і невялікія, надбаўкі, ільготы выпускнікам пры паступленні ў ВНУ. Ільготы маюць чарнобыльскія інваліды, але гэта ўжо безнадзейна хворыя людзі. Па жыхарах бачна, што імунітэт слабее, хваробы навальваюцца. Але гэтага ўжо не дакажаш, бо ніхто нічога не мае магчымасці вывучаць.

IMG_1005

РР: Паводле прынагоднага заключэння 100 экспертаў з розных краін планеты, выпеставаных МАГАТЭ – “ аварыя на ЧАЭС насамрэч не садзейнічала такой вялікай колькасці смяротных выпадкаў ці  паталогій… у пацярпелых рэгіёнаў Беларусі Украіны і Расеі”. Зноў цытата – галоўныя медычныя праблемы “звязаныя са стрэсамі і нізкім узроўнем жыцця”. Як Вам?!

Сп. МІХАСЬ: Стрэс таксама ўплывае на здароўе – у тым ліку, ад ангажаваных выказванняў. Я не веру, што, прынамсі, будаўніцтва Астравецкай АЭС прынясе “здароўе”. Бо ведаю, што чарнобыльская аварыя працягваецца.

Пасля апошніх слоў суразмоўцы не мог не паехаць на дагэтуль забруджаныя землі.

IMG_1010

У Селішчах, што ў 15 км ад Клімавіч, сустрэлі цёмныя, бязлюдныя хаціны. Зеўралі перакошаныя, чорныя дзіркі-аканіцы. Убачыўшы мяне, заклыпала з кульбачкай мажнаватая бабулька – 80-гадовая Еўдакія Ісачанка. Махае рукой:

ЦЁТКА ЕЎДАКІЯ: Хварэем самі і дзеці даганяюць. Ад рака пляменнік дваюродны нядаўна памёр…

Цётка Еўдакія ўказала шлях да, “самага няшчаснага і ці не адзінага ў Селішчах мужыка”, што “хоць вады вядро прынясе”. Які, маўляў, усяліўся ў старожку, дзе раней памёр гаспадар. 51-гадовы Анатоль Петрачэнка жыве сёння ў беспрацоўі і невыносных бытавых умовах. Расказвае, што ў самога хата згарэла. Засяліўся саматугам.

IMG_1018

АНАТОЛЬ: Прыйшоў – былі пустыя вачніцы, адусюль дзьме ў шматлікія дзіры. Перакошаная прыбіральня. Шкло на вокны хадзіў па кавалках збіраў у кінутых хатах. Дзверы і зараз закрываюцца “на цвічок” – балазе, красці няма чаго ды няма каму. Грубку кожны дзень замазваю. Другое акенца забіў.  На слупе ані ліхтара, ані дрота – чалавека наняў, каб працягнуў ды ўзімку хоць святло было. Дзірышчу во ў падлозе зваліў – бо неяк на крэсле праваліўся, галаву разбіў. Сам паклеіў, пабяліў, замасціў дошкамі, дзе сабраў. Аль жа начальства назвала барак “камерчаскім” і запатрабавала за 6 месяцаў пражывання аж 1 млн 200!

IMG_1017

Пры гэтым мужчына са скрухай паказвае мне квіток на 200 тысяч камуналкі. “ЗА ШТО?!” – ледзь не  крычу і я.

IMG_1016

Суразмоўца пакорліва ківае –  “каб і адсюль не выселілі”:

АНАТОЛЬ: Заплаціў, пакуль праца была. А зараз і яе не стала – бабулькам дапамагаю, пакормяць.

І праз 30 год памятаюць як узарвалася, як тут кажуць, “чарнобыльская бомба”. Гэта ўжо кажа 77-гадовая Надзея Міхеева, што прыйшла бараніць суседа – думала, ад “начальства”.

IMG_1015

Сп. НАДЗЕЯ: Ой, дзетачака, 26 красавіка кароў пасвілі – як вясёлкі на небе зайгралі. Аж потым ва ўсіх пачалі гарэць твары – як зараз памятую! У Селішчах 60 двароў было – мужыкі ўсе павымерлі, 15 жонкаў засталося, з іх толькі тры рабацяшчыя. А ні аднае “харошай” – усе з каламі ходзім. Аўтобусы раней хоць два разы на тыдзень хадзілі – маглі да бальніцы дабрацца. Ажно цяпер толькі ў суботу. А назад?! Наймаю машыну за 100 тысяч з нейкай у суседняй дзярэўні і едзем за лекамі. А цяперя цемень нямеряная – ішла, руку паламала ўпаўшы. Бо ж на вочы плоха стала відзець – а ліхтары не гараць…

Сітуацыю ў вёсцы адсочвае не першы год Сяргей Аржанцаў, разам з якім прыехалі – клімавіцкі карэспандэнт памянёнага “Вольнага горада”.

IMG_1013

АРЖАНЦАЎ: З кожным прыездам упэўніваюся, што Селішчы гібеюць на вачах. Вёска адносілася таксама да тае самай зоны “з перыядычным радыяцыйным кантролем”. Людзей правяралі, як яны казалі, “на радыяцыю”. А цяпер усё больш дамоў, дзе ўжо, бадай, ніколі не будзе людзей. І калі такое робіцца ў паселішчах, што некалі лічыліся “прыгоднымі да жытла”, дык што казаць пра тыя, што лічацца “выселенымі”, дзе ўсё роўна нехта дажывае век?!..

* * *

Мой добры знаёмца, прафесар Юры Бандажэўскі, экс-рэктар Гомельскага медычнага ўніверсітэта,  быў асуджаны ўладамі  да васьмі гадоў, паводле афіцыйнай версіі, за хабарніцтва.  Аўтар васьмі манаграфій, прысвечаных уплыву радыёцэзія на стан арганізму, пачэсны грамадзянін Парыжу ды іншых 15-ці гарадоў Францыі, доктар Марсельскага ўніверсітэту. На вольным пасяленні ў вёсачцы Пескаўцы, на Гарадзеншчыне, дзе да ягонай эміграцыі тайна ад “вертухаяў” некалі сустрэліся, “агучыў” мне на плёнку ў сваёй хатцы-„катушку” свой толькі напісаны зварот да жыхароў планеты. Ён увайшоў пасля ў кнігу „Філасофія майго жыцця”, што стала на Захадзе бэстсэлерам. „Галоўны вораг МАГАТЭ” ў Беларусі даказаў, што да паразы “малымі дозамі” радыяцыі ахвочыя не толькі шчытападобная залоза, што прызнаюць афіцыйна, але сэрца ды ныркі, праз якія ахвяруе ЎВЕСЬ арганізм.  Бандажэўскі і зараз прапануе „духоўна непадрыхтаванаму” чалавецтву” ўвесці мараторый на выкарыстанне ядзернай энергіі не толькі ў вайсковых, але і ў мірных мэтах, бо інакш, як ён піша, „можа наступіць пагібель усяго жывога на Зямлі…”

IMG_1011

IMG_1012

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара