Чарнобыльская рапсодыя ў Начы



У вёску Нача, што на Крупаўшчыне, у пачатку веку пераехалі з вёкі Юрэвічы Калінкавіцкага раёна тры “чарнобыльскія” сямействы.

DSCF1409

Паводле папярэдняй дамоўленасці, у тагачасным калгасе “Гігант” ім былі гарантаваныя праца ды жытло. Але не падарванае 30-кіламетровай “зонай” здароўе. Прынамсі, 69-гадовы цяпер Уладзімір Селеш ня змог працаваць кіроўцам. Днямі ж вядомая невылечная хвароба прыкавала яго да ложка.

На мае стукі ў веснікі “адгукнуўся” толькі сабака. Пасля тэлефанавання ад суседзяў вышла гаспадыня – спадарыня Селеш. Словаў не выбірала:

Селеш: Г..о справы. Хварэў даўно, зараз прапанавалі выдаліць правае лёгкае, але ж і так ледзь дыхае. Адмовіўся ад аперацыі, цяпер ляжыць ніякі, ні з кім не гаворыць, на вуліцу не выходзіць. Я яшчэ ўходжваюся за двума парсючкамі, куркамі ды катом з сабакам. А нам ільготы адмянілі праз 3 гады і не ўзгадваюць, што ў пекле жылі. Ня лічаць нас чарнобыльцамі!

Я ўжо адыходзіў, як мяне паклікалі назад. Гаспадар пачуў размову і адкуль я праз фортку. І вырашыў, казаў, мо ў апошні раз нагадаць пра тое, што адбылося – каб ведалі і памяталі. Нават спусціўся з ганка.

DSCF1407

Селеш: «Усе ўгодздзі былі на тэрыторыі чарнобыльскай зоны – 4 гады не вылазілі, каля Брагіна кукурузу сеялі. Кіроўцам усёжыццё. Вёску цалкам не адсялілі, я толькі пабудаваўся, жонку выбралі дэпутатам ды сакратаркай   у сельсавеце. Радыяцыі дахрана было, а прыедзе баба з Гомеля – ў вас чыста! Аж дазіметар пішчыць на метар ад зямлі. А 2 дзяўчаты былі – адной сем, другая старэйшая на 2 гады. Прыехаў нейкі з Начы – рабсіла трэба? Трэба! Дзяўчынак уратаваў, а так бы я не паехаў, як і ўвесь наш калгас. Сеялі кукурузу ў траўні. Нахер яна была? «Вумны» акадэмік Веліхаў сказаў, што яна вытасківае радыяцыю. (смяецца ) А я табе скажу, што бабкі, што там былі, за адно лета, трактарыст мой Сярожка таксама  – ссыпаліся ўсе, памерлі! Прыедзеш адтуль – у скронях цісне, у вушах звініць… Сеем і едзе камандзір палка «партызанскага» Сівакоў – той самы, што пасля ў адміністрацыі і міністрам турызму быў. На «казле» пад’яжджае – што вы робіце? Каб праз паўгадзіны я вас ня бачыў! Каму гэта трэба?! А мы 4 яміны сіласуем. Відна тая радыяцыя! А потым у дзяўчынкі 7-гадовай маёй зубы павыпадалі….»

Вонкава здаецца, што чарнобыльскае мінулае зыходзіць у нябыт. Пра яго, бадай, не чуваць з радыё і тэлеэфіраў. Дзяржава скасавала ільготы. Не вядзеца статыстыка ахвяраў, што адыходзяць у іншы свет. Але будзьма памятаць перафразаванае выслоўе Эрнэста Хемінгуэя, што гучала на шматлікіх калісьці чарнобыльскіх шляхах: “Па кім звіняць чарнобыльскія званы? Яны звіняць і па табе!”

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара