Чарнобыльская трагедыя нагадвае пра сябе ў грыбах ды лясных ягадах
Вельмі багатае на прыродныя дарункі Палессе, на жаль, больш за ўсе рэгіёны краіны забруджанае радыяцыяй. Як паказалі сёлетнія экспертызы, амаль кожны другі грыб альбо куст ягады ўтрымлівае завышаную колькасць цэзія-137. Такімі дарункамі прыроды нельга харчавацца. Яны правакуюць арганізм на цяжкія хваробы. Тым не менш, сёлета значна ўзрасла колькасць збіральнікаў, асабліва ў Пінскім ды Столінскім раёнах. Лекар-эпідэміёлаг столінскага медычнага цэнтра Святлана Міхайлюк паведаміла, што грыб вельмі добра ўбірае ў сябе ўвесь бруд:
– Грыбы здольны паглынаць розныя рэчывы, якія забруджваюць глебу, паветра. Таму імі пасля можна атруціцца. Гатаваць грыбы лепш адразу пасля збору. Абавязкова іх трэба варыць, не дастаткова аднаго смажання. І варыць не менш за 3 разы па 30 хвілін.
У Столінскім раёне штогод рэгіструюць звыш 150 выпадкаў захворвання ракам шчытападобнай залозы. Радыяцыю нельга пабачыць і адчуць на смак, яна захоўваецца ў арганізме чалавека да крытычнага моманту.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота chornobyl.in.ua