„Чарнобыльскі шлях – 2017”



Сёння – 31-я гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У Менску прайшоў традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”, а таксама мітынг КХП БНФ у Кіеўскім скверы. Акцыі былі дазволеныя ўладамі і прайшлі без затрыманняў.

Збор удзельнікаў „Чарнобыльскага шляху-2017” ды санкцыянаванае ўладамі шэсце ад Акадэміі Навук да Чарнобыльскай капліцы пачаўся а 18-й гадзіне. Там жа адбыўся непрацяглы мітынг, арганізаваны заяўнікамі акцыі – прадстаўнікамі партый АГП, БНФ, “Зялёных”, БХД, рухаў “За свабоду” і “Разам”, а таксама кампаніі “Гавары праўду”. Гаворыць палітык ды экс-палітвязень Павал Севярынец.

– Ужо больш за 30 гадоў як выбухнуў Чарнобыль. Але Беларусь да гэтай пары церпіць гэты боль. Нягледзячы на гэта рэжым і Крэмль піхаюць нам пад самае сэрца – у Астравец – сваю расейскую ядзерную бомбу запаволенага дзеяння. Людзі гінуць на будоўлі гэтай станцыі. Яна стаіць на разломе зямной кары. Побач з ёй – могільнік сібірскай язвы. Мы ведаем, што ёсць Чарнобыль радыяцыйны, а ёсць Чарнобыль сацыяльны і палітычны, калі ў цэнтры беларускай сталіцы на Дзень Волі людзей кідаюць у варанкі. Калі з людзей, якія не маюць працы, забіраюць апошнія грошы. І мы патрабуем – адстаўкі! Адстаўкі!

Станцыя метро “Акадэмія навук” у часе мітынгу, на якім сабралася каля тысячы чалавек, была зачыненая. У прынятай рэзалюцыі запатрабавана спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС, асваенне чарнобыльскіх земляў і прамысловую вытворчасць там прадуктаў харчавання, неадкладна спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне, вызваліць усіх палітвязняў. Таксама вярнуць сацыяльную абарону чарнобыльскім ліквідатарам, скасаваць дэкрэт № 3. Усім ахвочым пасля было прапанаванае ісці ў Кіеўскі сквер, дзе акцыю асобна зладзіла партыя КХП-БНФ.

У Кіеўскім скверы прайшоў мітынг з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ.

Прыкладна 50 чалавек сабраліся ля фантана каля кінатэатра „Кіеў”, яны трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі партыі, транспаранты „Чарнобыль — працяг расейскага генацыду беларускага народу”, „Не будаўніцтву Астравецкай АЭС, радыяцыйнай смерці супраць беларусаў і Еўропы!” і інш.

* * * 

Дэманстранты дайшлі да агароджы каля Чарнобыльскай капліцы. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да капліцы і ўшанавалі ахвяр аварыі хвілінай маўчання. Арганізатары абвясцілі пра заканчэнне акцыі. Ахвотныя далучыліся да мітынга ў Кіеўскім скверы.

 

З Менску перадае наш карэспандэнт Павел Генадзіч: Мітынг скончыўся. Калона рушыла па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор. Тут знаходзіцца прыкладна паўтысячы чалавек. Людзі скандуюць антыядзерныя лозунгі. Уздоўж калоны ідуць супрацоўнікі міліцыі і ДАІ. Яны вядуць сябе пакуль што карэктна.

Гучаць лозунгі:  „Жыве Беларусь!”, „Хопіць зьдзеку, хопіць маразму, не — рэактару з сібірскай язвай” і „Свабоду патрыётам!”. 

Услед за ўдзельнікамі акцыі рушылі аўтазакі.

Пачаўся мітынг. З Менску перадае наш карэспандэнт:

– Прамаўляюць арганізатары „Чарнобыльскага шляху”. Ля кінатэатра „Кастрычнік” сабралася каля 300 чалавек. Шмат супрацоўнікаў міліцыі ў форме, якія даглядаюць падазроных людзей. Людзі выйшлі з лозунгамі: „Не – Астравецкай АЭС!”, „Час спыняць Астравецкую пачвару!”. Пасля шэсця ўдзельнікам прапаноўваецца прыйсці на мітынг у Кіеўскім скверы. 

Зялёныя на акцыі. 

Лозунгі „Свабоду палітвязням!” на „Чарнобыльскім шляху”.

Каля кінатэатра „Кастрычнік” пачалі збірацца ўдзельнікі акцыі. Зараз тут знаходзіцца прыкладна 100 чалавек. 

У Менску пройдуць адразу дзве акцыі: шэсьце ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы і мітынг у Кіеўскім скверы. Абедзве акцыі дазволеныя ўладамі.

Анлайн-трансляцыя:

Збор удзельнікаў „Чарнобыльскага шляху” пачнецца а 18-й гадзіне каля кінатэатра «Кастрычнік». Само шэсце пачнецца а 18:30 па ходніках праспекта Незалежнасці, вуліцах Сурганава і Арлоўскай да плошчы Бангалор, дзе а 20-й гадзіне запланаваны мітынг і ўскладанне кветак ля памятнага знака «Ахвярам Чарнобыля». Мітынг у Кіеўскім скверы пройдзе з 18-й да 20-й гадзіны, яго ладзіць КХП БНФ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Беларускае Радыё Рацыя