Чарнобыльскі шлях 2018: „Не – Астравецкай АЭС!”



„Атам мірным не бывае!”, „Не Астравецкай АЭС!” – скандавалі ўдзельнікі акцыі да гадавіны аварыі на Чарнобылькай АЭС.

26 красавіка некалькі соцень чалавек выйшлі на традыцыйны „Чарнобыльскі шлях” у цэнтры Менска, каб ушанаваць памяць ахвяраў трагедыі ды звярнуць увагу на яе наступствы. Сёлета цэнтральнай тэмай пратэсту стала будаўніцтва Астравецкай АЭС, якая можа быць уведзеная ў эксплуатацыю ўжо ў наступным годзе.

На любой атамнай электрастанцыі, нават пабудаванай вельмі якасна, можа адбыцца інцыдэнт. Пры тым, самы жудасны. Пры будоўлі Астравецкай АЭС колькасць здарэнняў узрасла да недапушчальнай мяжы. Улады хаваюць свае памылкі, хаваюць здарэнні на будоўлі станцыі. Гэта азначае, што ў выпадку радыяцыйнага здарэння яны таксама будуць хаваць факты. Мінула толькі 32 гады пасля аварыі на ЧАЭС. Гэта вельмі малы тэрмін для радыяцыйнай катастрофы, – кажа каардынатар Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава.

Да акцыі эка-актывісты падрыхтавалі адмысловы перформанс, які імітуе мінулагоднюю аварыю на Беларускай АЭС. Увесь час ад збору ўдзельнікаў ля кінатэатра „Кастрычнік” ды самога шэсця да плошчы Бангалор макет рэактара быццам выпадкова падаў, а напрыканцы акцыі апынуўся ў сметніцы.

Спачатку адбылося падзенне першага рэактара, пасля ўдар іншага. Калі падчас будаўніцтва адбываюцца такія сітуацыі, то пра якую бяспеку мы можам казаць пасля ўвядзення АЭС у эксплуатацыю? Усе краіны свету адмаўляюцца ад атамнай энергіі, а Беларусь будуе. Гэта абсурд, – адзначае Уладзь Сташкевіч, сябра „Зялёнай сеткі”.

Адначасова з тым, удзельнікі акцыі закранулі іншыя экалагічныя праблемы, актуальныя для жыхароў Беларусі. А некалькі актывістаў са Светлагорска, якія збіраліся выступіць падчас «Чарнобыльскага шляху», напярэдадні былі затрыманыя міліцыянтамі.

У Беларусі існуе вялізарная колькасць экалагічных праблем. Светлагорск і Берасце – гэта толькі вяршыня айсбергу. Народ трымаюць за нейкае бясслоўнае быдла, якое можна труціць. Такія шкодныя вытворчасці, як Светлагорскі цэлюлозны камбінат, акумулятарны завод у Берасці, тая ж Астравецкая АЭС – гэта кропкі знішчэння будучыні для беларускага народа. Сёлета «Чарнобыльскі шлях» – гэта пачатак Астравецкага шляху. У канцы года, па нашых звестках, прывозяць ядзернае паліва, а пачатак новага года – гэта запуск рэактара, – распавядае сустрашыня БХД Павел Севярынец.

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» заанансавалі, што цяпер кожны месяц 26-га будуць праходзіць адмысловыя акцыі ў розных гарадах Беларусі па шляху да Астраўца. Заслаўе, Радашковічы, Маладэчна, Вялейка, Смаргонь, Ашмяны, Астравец – у гэтых гадах мусяць прайсці зборы подпісаў, круглыя сталы, мітынгі ды пікеты. Яны заклікаюць далучацца да будучых мерапрыемстваў Астравецкага шляху і разам дамагацца прыпынення будаўніцтва АЭС, каб трагедыя не паўтарылася ізноў.

Традыцыйна „Чарнобыльскі шлях” завяршыўся ўкладаннем кветак і запальваннем знічак.

Падрабязней слухайце ў далучаным файле:

[Not a valid template]

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтаркі