“Чарнобыльскі шлях” адбудзецца ў зручны для людзей час
Арганізатары традыцыйнага шэсця разлічваюць на вялікую колькасць удзельнікаў. Аргкамітэт акцыі вызначыў парадак правядзення шэсця, а таксама ўхваліў праект сумеснай рэзалюцыі. “Нягледзячы на сціслыя тэрміны падрыхтоўкі акцыі, арганізатары маюць адпаведны досвед, каб правесці “Чарнобыльскі шлях” належным годным чынам”, – кажа адзін з заяўнікаў акцыі, намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Меляшкевіч:
– Новае напаўненне гэтага “Чарнобыльскага шляху” ў тым, што, безумоўна, будуць гучаць сацыяльныя лозунгі. Мы праводзім гэтае шэсце ў стане, калі грамадства знаходзіцца перад складаным крызісам, які ўлада спарадзіла сваімі дзеяннямі ў эканоміцы. Думаю, што пытанне, звязанае з энергетыкай і ўвядзеннем у эксплуатацыю атамнай электрастанцыі ў Астарўцы, – гэта адно з важных пытанняў, якое будзе гучаць. Праблема будаўніцтва АЭС у Беларусі будзе паднятая.
Сёлета беларуская апазіцыя мае адразу дзве афіцыйна дазволеныя акцыі. Акрамя “Чарнобыльскага шляху” 26 красавіка, у гэтым ж дзень у Кіеўскім скверы Менска зладзяць свой мітынг прыхільнікі партыі КХП-БНФ. Удзельнікі “Чарнобыльскага шляху” пасля завяршэння сваёй акцыі плануюць далучыцца да гэтага мітынгу.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота bnr.by