“Чарнобыльскі шлях” дазволены (абноўлена)



Менскія ўлады задаволілі заяўку на правядзенне 26 красавіка ў Менску „Чарнобыльскага шляху”, паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі Віталь Рымашэўскі пасля перамоваў у Менгарвыканкаме. Па словах Рымашэўскага, улады задаволілі заяўку практычна цалкам – гарвыканкам толькі памяняў месца збору ўдзельнікаў шэсця з пляцоўкі каля Акадэміі навук, на пляцоўку каля кінатэатра „Кастрычнік”, а таксама скараціў з гадзіны да паўгадзіны час збору ўдзельнікаў акцыі.

– Пяць дзён – гэта той тэрмін, які ўтварае праблемы для масавых мерапрыемстваў, дзеля таго, каб на іх заклікаць людзей, каб правесці належную падрыхтоўку. Перанос месца сустрэчы, на мой погляд, таксама абсалютна не абгрунтаваны, раней дазволеныя мерапрыемствы заўсёды збіраліся на прыступках Акадэміі навук. Гэта вельмі зручна. Там далей ад выхада з метро і больш бяспечна для людзей. Чым матываваліся ўлады, калі дазволілі месца збора каля кінатэатра “Кастрычнік”, а не каля Акадэміі навук, таксама зразумець складана.

Збор удзельнікаў акцыі павінен прайсці з 18.00 да 18.30, затым адбудзецца дэманстрацыя па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да царквы ў гонар абраза Божай Маці, дзе ў 20.00 запланаваны мітынг і цырымонія ўскладання кветак. Мэтай акцыі арганізатары называюць прыцягненне грамадскай увагі да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, праблеме развіцця атамнай энергетыкі, экалогіі і якасці жыцця ў краіне, а таксама публічнае выказванне ўдзельнікамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў. Сёлета ганаровым старшынёй аргкамітэта акцыі «Чарнобыльскі шлях» стала нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Менгарвыканкам дазволіў правядзенне Чарнобыльскага шляху ў Менску 26 красавіка ў 30-ую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак, па словах старшыні Менскай гарадской арганізацыі Руху „За свабоду” Юрася Меляшкевіча і аднаго з аўтараў заяўкі, фармат правядзення мерапрыемства, прапанаваны арганізатарамі, некалькі зменены.

– Нам паменшылі час на збор удзельнікаў на паўгадзіны. І цяпер мы збіраемся а 18-й гадзіне. І будзем збірацца да 18.30.  Пасля чаго нам трэба пачаць шэсце, якое будзе працягвацца паўтары гадзіны да памятнага знака ахвярам Чарнобыля. Таксама нам змянілі месца збора. Мы хацелі ля Акадэміі навук, аднак нам зацверджана пляцоўка каля кінатэатра “Кастрычнік”. Гэта для нас не так зручна. Мы настойвалі на сваім рашэнні. Мы патрабавалі, каб было выканана тое, што мы пісалі ў заяве.

Аднак Менгарвыканкам пакінуў свё рашэнне ў сіле, – сказаў кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі Руху „За свабоду” Юрась Меляшкевіч.

Таксама пад заяўкай падпісаліся прадстаўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху салідарнасці „Разам”, Беларускай партыі „Зялёныя”, аргкамітэта па стварэнню партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Беларускаай сацыял — дэмакратычнай партыі (Грамада).

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belpraudа.org