Час журналісцкага чалавеказнаўства не прайшоў
Яна рэдагавала некалі самую скандальную ды “папсовую” незалежную газету “Імя”. Адначасова стала адным з “архітэктараў” найсур’ёзнейшай эканамічнай “Беларускай дзелавой газеты”, а таксама тыднёвіка журналісцкіх доследаў “Для службовага карыстання”. Больш за 10 гадоў мае ўласную калонку ў папулярнай “Народнай Волі”. Апошнім часам яе пазнаюць як вядучую тэлеканала “Белсат”. Наша госця – вядомая ўсім мая калега Святлана Калінкіна. Для сустрэчы акурат наспелі інфармацыйныя падставы.
Дональд Трамп абвясціў пра выхад ЗША з Рады па правах чалавека ААН, назваўшы яе “крывадушнай і карыслівай”. Адразу ж услед прэзідэнта Амерыкі “пераплюнуў” вядучы ўласнай аўтарскай праграмы Расейскага тэлебачання Уладзімір Салаўёў, якога тамтэйшыя дэмакратычныя СМІ называюць “адыёзным”. Ён публічна заявіў, што правоў чалавека, як і правоў журналістаў проста “не існуе” – маўляў, толькі ёсць “правы грамадзяніна, якія розныя ў кожнай краіне”.
РР: Святлана, асабіста для Вас правы чалавека існуюць і, так бы мовіць, з чым іх “ядуць”?!
Святлана Калінкіна: Не толькі існуюць – для мяне гэта маркер цывілізаванасці краіны: альбо да заходняй цывілізацыі з яе дэмакратыяй і правам народу на выбар улады ці да ўсходніх, яшчэ феадальных, аўтакратый. І тыя, хто кажуць, што правы чалавека – прыдумка, і ёсць напаўфеадалы ХХІ стагоддзя.
Вось што на гэты конт сказаў Анатоль Лябедзька, лідар АГП:
– У сённяшняй сітуацыі ў краіне дзяржаўны журналіст – гэта чыноўнік. Бо не зарабляе за кошт свайго таленту, раскручанага рэсурсу. Ён на шыі падаткаплацельшчыкаў. І таму ты вымушаны хадзіць на “даклады” да вышэйшых па рангу. Таму гэта не журналістыка, а прапаганда ў адпаведным аддзеле Лукашэнкі.
Святлана Калінкіна: Пракаментую. Свабода слова – тое права чалавека, на якое найбольш вядуцца атакі. Бо ўсім аўтарытарным рэжымам хочацца кантраляваць думкі і памкненні, мець манаполію на праўду. І таму незалежныя СМІ небяспечныя, бо непадкантраляваныя. А ўладу трымаючым трэба, каб людзі аднолькава думалі і нават у марах не зведвалі прагу кантраляваць ці змяніць уладу. Гэта блакітная мара ўсіх бяздарных уладароў! Каб бачачы прэзідэнта, пляскалі ў ладкі і білі патыліцай у падлогу.
Таму яшчэ колькі дроўцаў у размову. Ад народнай артысткі Беларусі, “залатога голасу і абаяльнасці” Зінаіды Бандарэнкі і дакументаліста, аўтара і рэжысёра “Обыкновенного президента” Юрыя Хашчавацкага. Наша размова тычылася адыёзнай праграмы “Клуб рэдактараў”, дзе ўдзельнікі не інфармуюць і разважаюць, але рэтрансліруюць “вышэйшыя” ацэнкі таго, што адбываецца ў краіне.
Зінаіда Бандарэнка: Пры Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну, які фактычна стварыў БТ з беларускай мовай, цяжка было нават уявіць, што такое магчыма. Таленавіты і эфектны паэт нават не з’яўляўся ў эфіры, разумеючы, што міністру інфармацыі гэта проста – дайце веры – кіраўніку, а не паэту неэтычна з’яўляцца на экране.
РР: Альбо хоць кіраўнік быў бы ўзроўню Уладзіміра Познера…
Юрый Хашчавацкі: Так! Альбо узроўню Дзімы Быкава з “Собеседника”! А мы бачым бяздарных людзей, што займаюцца дубаломнай прапагандай і працуюць на аднаго-адзінага гледача. Задавальняючы яго ўладнаплоцкія запатрабаванні. А з іншага боку – апускання ўсіх астатніх да ўзроўню статкавага быдла…
Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара