Чацвёрты дзень менш за 800 новых выпадкаў
На 14 чэрвеня ў Беларусі пацверджаныя 53973 выпадкі COVID-19. +732 выпадкі за апошнія 24 гадзіны. Колькасць новых выпадкаў каронавіруснай інфекцыі чацверты дзень запар трымаецца ніжэй за 800.
Па статыстыцы Мінздароўя, выпісаныя з лякарняў 30103 пацыенты, у якіх была пацверджаная каронавірусная інфекцыя (+992 за суткі). 308 пацыентаў з выяўленым COVID-19 памерлі (+5 смерцяў).
Калі верыць Міністэрству здароўя, за суткі ў Беларусі зроблена 19464 тэсты на каронавірусную інфекцыю. Гэта новы максімум. Для параўнання: прыкладна столькі тэстаў было зроблена ў Беларусі за два першыя месяцы эпідэміі, з 20 студзеня па 20 сакавіка.
Агулам з пачатку пандэміі праведзены 733788 аналізаў на COVID-19. Працэнт тэстаў, якія паказалі новыя выпадкі COVID-19 за апошнія 24 гадзіны, знізіўся і склаў 3.76%. Гэта самы нізкі працэнт за апошнія два месяцы. Аднак нам не паведамляюць, колькі тэстаў планава і па запатрабаванні робіцца медыкам і сілавікам, колькі – паўторна пацыентам з пацверджаным COVID-19, і колькі – людзям з падазрэннем на каронавірусную інфекцыю.
Беларускае Радыё Рацыя