Чацвёра праціўнікаў акумулятарнага завода змешчаныя ў ІЧУ



Затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі 8 мая чацвёра праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем змешчаныя ў ізалятары часовага ўтрымання.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, затрыманых у Берасці Юрыя Калько, Канстанціна Астапука і Дзяніса Малышэнку змясцілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС абласнога цэнтра, Уладзіміра Мароза, якога затрымалі ў Кобрынскім раёне, — у ІЧУ мясцовага райаддзела міліцыі.

„Актывістаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Упэўнены, іх будуць трымаць у ІЧУ да суда. Суды змогуць разгледзець справы не раней за 11 мая. Актывістаў сёння „прынялі” не выпадкова, каб яны не змаглі 10 мая трапіць на плошчу Леніна ў Брэсце, дзе традыцыйна па нядзелях збіраюцца праціўнікі небяспечнага свінцовага прадпрыемства”, — заявіў Кісляк.

Праваабаронца лічыць гэта працягам рэпрэсій у дачыненні да праціўнікаў акумулятарнага завода. Ён нагадаў, што судом Ленінскага раёна Берасця 20 красавіка на 15 дзён былі арыштаваныя праціўнікі гэтага прадпрыемства Дзмітрый Андрасюк і Аляксандр Кабанаў, 22 красавіка таксама на 15 дзён — адзін з лідараў ініцыятыўнай групы Дзмітрый Бекалюк.

Андрасюка і Бекалюка абвінавацілі на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года), Кабанава — на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Іх судзілі за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага завода, якая прайшла 12 красавіка ў Берасці. У гэты дзень на плошчы Леніна сабралася больш за 200 чалавек. Пасля сустрэчы яны прайшлі па цэнтральных вуліцах горада, Пушкінскай і Савецкай, да ЦУМа на праспекце Машэрава. Наперадзе калоны неслі расцяжку „Не заводу АКБ”. Удзельнікі шэсця скандавалі „Не заводу АКБ!” і „Генацыд не пройдзе!”.

27 красавіка ў Ленінскім РАУС Берасця быў аштрафаваны на 35 базавых адзінак (945 рублёў) актывіст Міхаіл Галуза за расклейванне ўлётак у падтрымку гэтых арыштаваных на 15 дзён праціўнікаў акумулятарнага завода.

7 мая суд Ленінскага раёна Берасця аштрафаваў праціўніка акумулятарнага завода Андрэя Неўдаха на 30 базавых велічынь (810 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 23.34 КоАП, за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага завода ў Брэсце 3 мая. У той дзень на плошчы Леніна сабралася прыблізна 250 чалавек. Пасля сустрэчы праціўнікі завода прайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”. Па дарозе яны скандавалі: „Няма заводу АКБ!”, „Свабоду актывістам!”, „Генацыд не пройдзе!”, „Чыноўнікаў на нары!”.

belapan.by

Фота Рамана Кісляка