Чацвёра расейцаў спрабавалі правезці наркотыкі праз Берасце



У аўтамабільным пункце пропуску „Берасце” афармленне на ўезд у Беларусь праходзіла кампанія з чатырох маладых расейцаў, якія ехалі на аўтамабілі „Volkswagen” па „зялёнаму” каналу.

Памежнікі прынялі рашэнне накіраваць іншамарку ў бокс паглыбленага надгляду для праверкі. Гэта і прымусіла кіроўцу на незапланаванае рашэнне: ён спрабаваў выкінуць пачак з-пад кавы, калі побач не было праваахоўнікаў. Аднак сістэма відэаназірання зафіксавала факт, памежны нарад прыняў меры па прадухіленні гэтай спробы.

Пазней высветлілася, што такім спосабам расеец хацеў пазбавіцца ад 9 пакетаў з рэчывам расліннага паходжання зялёнага колеру. Акрамя таго ў ходзе паглыбленага надгляду аўтамабіля ў асабістых рэчах кіроўцы знойдзеныя 2 курыльныя трубкі.

Быў праведзены агляд спецыялістамі наркалагічнага дыспансера. Ва ўсіх маладых людзей усталяваны факт ужывання наркатычных сродкаў без ап’янення.

Рэчыва расліннага паходжання канфіскавана супрацоўнікамі мытні для правядзення экспертызы. Кіроўца затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.