Чацвёра сутак прысудзілі віцебскаму прыхільніку Ціханоўскага



Пра тое, што яго выклікаюць у міліцыю, паведаміў Аляксандр, адзін з удзельнікаў тэлеграм-чату “Витебск для жизни”. Пайсці самому не атрымалася: супрацоўнікі міліцыі Чыгуначнага раёну затрымалі хлопца  каля дома. Пасля складання пратаколу за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага 30-га красавіка яго  адразу завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.  

Судовы працэс пачалі праводзіць праз Skype, але і на гэтым парушэнні ў дачыненні да затрыманага не скончыліся, кажа праваабаронца Павел Левінаў:

– Мне патэлефанаваў Аляксандр, сказаў, што ў судовым паседжанні  абвешчаны перапынак, бо яму далі час, каб заключыць дамову з адвакатам. Але на свабоду яго не выпусцілі! Міліцыя прапанавала заключыць дамову праз тэлефон і аплаціць паслугі адваката таксама праз тэлефон! На мой погляд, у суда ў такім разе проста “дах знесла”!

Пасля трохгадзінавага перапынку Аляксандр зноўку ўзняў пытанне пра адваката. Але суддзя Алена Грабянчук заявіла, што “ужо позна”. Працэс  скончыўся за 5 хвілін, хлопца пакаралі чатырма суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. У раскладзе суда ягоная справа не была пазначана, таму журналісты і праваабаронцы дакладна не ведаюць прозвішча  арыштаванага. Як яго пачуў адзіны прысутны на судзе ўдзельнік тэлеграм-чату “Витебск для жизни”, гэта Аляксандр Мацяюк. Суддзя ўдакладніць прозвішча падсуднага адмовілася.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск