Чацвёра віцебскіх актывістаў чакаюць суду, яшчэ адзін – аштрафаваны
У ізалятары часовага ўтрымання знаходзіцца блогерка Алена Янушкоўская, якая хварэе на астму і мае 3-ю групу інваліднасці. Таксама за краты трапілі актывісты «Грамады» Алег Паўлаў і Аляксандр Якушкоў. Гэтыя спадары арганізоўвалі «вольны мікрафон» падчас збору подпісаў 31-га траўня, калі на пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай сабраліся больш за тысячу чалавек. Суды над імі адбудуцца 8-га чэрвеня.
67-гадовага Уладзіміра Мацкевіча ўжо аштрафавалі на 20 базавых велічынь. І, як ён кажа, міліцыянты яму пагражалі:
– Далі 540 рублёў штрафу за тое, што я нібыта крычаў на мітынгу «Жыве Беларусь» і «Стоп таракан». І нават паказалі, хто там прысутнічаў. Але не далі цалкам прачытаць. Я так і напісаў у пратаколе, што гэта паклёп, і што мне не далі цалкам азнаёміцца. І пагражалі: «Перасаджаем усіх вас, і будзеце сядзець як клапы».
За ўдзел у нібыта несанкцыянаваным пікеце быў затрыманы і Яраслаў Кійко. Аднак у ізалятар яго не павезлі, бо падчас медагляду ў спадара выявілася падвышаная тэмпература. Тыя, на каго склалі пратаколы, паведамляюць наступнае: у матэрыялах справы ёсць вялікія спісы тых, каго міліцыя здолела ідэнтыфікаваць паводле збору подпісаў 31-га траўня. Падчас мерапрыемства міліцыянты ўсё здымалі на відэакамеру.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск