Чацвёрты прысуд Тамары Шчапёткінай
Журналіст-фрылансер Тамара Шчапёткіна з Бярозы пакарана штрафам у 35 базавых велічынь, што складае амаль 900 рублёў або больш 400 долараў за працу без акрэдытацыі на Беларускае Радыё Рацыя.
Падставай стаў адміністрацыйны пратакол, складзены маёрам міліцыі Мікалаем Пракуратам, за матэр’ял “У Белаазёрску прэзентавалі юбілейны нумар Жырандолі”. Як падалося, Пракурат не вельмі добра азнаёмлены з законамі, што тычацца СМІ:
– Вы не маеце права без акрэдытацыі ў якасці замежнага журналіста распаўсюджваць, вырабляць прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі.
– Я не журналіст Радыё Рацыя. Чаму мяне цягнуць у суд, складаюць пратаколы за тое, што я запісваю і распаўсюджваю інфармацыю.
– Вы можаце адказаць на гэтае пытанне?
– Нет.
Тамара Шчапёткіна далучыла да справы копію працоўнай кніжкі як доказ, што яна не працуе на Радыё Рацыя. Але замест спынення справы суддзя Наталля Вакульчык палічыла віну Шчапёткінай даказанай. Што выклікала негатыўныя ўражанні ў прысутных на працэсе:
– Сустрэча з пісьменнікамі ды штраф? За што?…
– Калі слухаеш справу, зразумела, што наогул няма за што судзіць.
– Успамінаюцца словы кардынала Рышэлье, які сказаў: “Дайце мне шэсць строчак, напісаных рукой самага сумленнага чалавека і я ў іхт знайду, за што яго можна павесіць.
Гэта ўжо чацвёрты суд над Тамарай Шчапёткінай за тры апошнія месяцы. Агульны штраф нібы за работу без акрэдытацыі на замежнае СМІ складае больш паўтары тысячы долараў.
Журналістка не пагадзілася з рашэннем суда і будзе яго абскарджваць.
Беларускае Радыё Рацыя