Чацвёрты выпадак шаленства ў Гародні за год



Чацвёрты выпадак шаленства за год сярод жывёлаў выяўлены ў Гародні. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў намеснік галоўнага ветэрынарнага лекара Гародні Дзмітрый Гайда.

У гарадскую санстанцыю затэлефанаваў невядомы і заявіў, што на вуліцы Давыда Гарадзенскага знойдзены труп ката. На месца выкліку адразу выехалі спецыялісты. Лабараторныя даследаванні паказалі, што жывёла хварэла на шаленства.

Вуліца Давыда Гарадзенскага размяшчаецца ў цэнтры горада. Цяпер у гэтым раёне праводзцца пазапланавая вакцынацыя (на базе ЖЭСаў). Таксама спецыялісты высвятляюць людзей, якія маглі кантактаваць з шалёнымі жывёламі. Уладальнікам непрышчэпленых хатніх гадаванцаў пагражае штраф.

Папярэднія тры выпадкі шаленства былі выяўленыя ў Гародні гэтай восенню. У кастрычніку шалёныя тхор і кот сталі прычынай каранціну на дзвюх вуліцах горада, а на пачатку лістапада быў выяўлены яшчэ адзін шалёны кот. Спецыялісты рэкамендуюць не чапаць бяздомных жывёлаў, а калі жывёла выглядае ці вядзе сябе падазрона, дык паведамляць пра гэта ветэрынарам.

У Гарадзенскім жа раёне выяўлены дванаццаты выпадак шаленства за 2018 год. Тут у вёсцы Жылічы захварэў хатні кот. Гаспадыня доўгі час лячыла яго ад гнойнага атыту і не заўважала нічога падазронага ў яго паводзінах. Калі гаспадыня звярнулася да ветэрынараў, захворванне было запушчанае. 

Фота catfur.ru