Чатырнаццаць пінчукоў-палітвязняў у СІЗА чакаюць разгляду апеляцыі
Чатырнаццаць пінчукоў-палітвязняў, якія першай групай праходзілі па “пінскай справе”, чакаюць у Баранавіцкім СІЗА №6 на разгляд апеляцыі. Усе яны не згодныя з вялікімі турэмнымі тэрмінамі і сумай кампенсацыі, заяўленай міліцыянтамі.
Па словах праваабаронца Алеся Рамановіча, разгляд скаргаў у Берасцейскім абласным судзе павінен адбыцца ў наступным месяцы:
– Дзесьці ў ліпені будзе разглядацца скарга на прысуд. Думаю, што гэта будзе хутка, можа, дні тры, максімум – тыдзень. І ўжо потым яны паедуць адбываць пакаранне. Іх ужо не этапуюць, яны будуць знаходзіцца ў Баранавічах, і на судзе яны прысутнічаць не будуць. Звычайна так робіцца.
Першую групу фігурантаў “пінскай справы” пакаралі зняволеннем ад 5,5 да 6,5 гадоў, а таксама абавязалі сплаціць 210 тысяч рублёў кампенсацыі міліцыянтам, якіх прызналі пацярпелымі.
Беларускае Радыё Рацыя