Чатырох жыхароў Верхнядзвінска аштрафавалі за дзве акцыі амаль на тысячу рублёў



Судовыя працэсы праходзілі ў Верхнядзвінскім і Мёрскім судах.

Уладзіслава Малатка, Аляксандра Салаўёва і Валянціну Болбат аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу каля райвыканкама. Аднак аштрафаваныя актывісты не згодныя.

Паводле Валянціны Болбат, 16-га жніўня людзі сабраліся каля райвыканкама, каб перадаць уладам зварот, дзе былі згаданыя парушэнні падчас выбараў і выказана незадавальненне фальсіфікацыямі і міліцэйскім гвалтам:

– Я патэлефанавала ў выканкам і сказала, што мы прыйдзем. Нас было толькі 4 чалавекі спачатку. Але потым пачалі збірацца людзі. Не ведалі мы пра тое, што пра наша з’яўленне ўжо папярэдзілі міліцыянтаў, якія здымалі гэта ўсё з другога паверху пра акно. І нам прынеслі пратаколы за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Валянціну Болбат судзілі ў Мёрскім раённым судзе, і вынікам стаў штраф памерам 3 базавыя велічыні. Уладзіслава

Малатка і Аляксандра Салаўёва аштрафавалі на 4 базавых велічыні кожнага. Агульная сума штрафаў склала 297 рублёў. А самы вялікі штраф быў прысуджаны Алегу Шуллю: за арганізацыю ланцуга салідарнасці ў Верхнядзвінску 15 жніўня яго аштрафавалі на 20 базавых велічынь (540 рублёў). Суд быў доўгі, але вынікам актывіст нават задаволены, нягледзячы на сур’ёзны памер штрафа:

– 20 базавых і тры дні суду дазволілі давесці, што першы міліцыянт займаўся падлогам дакументаў, што другі толькі на падставе ўласных меркаванняў і высноваў вырашыў, што гэта я арганізатар. А трэцяга я выкрыў, што ён падманвае. І гэта было прыемна.

Алег Шулля зазначае, што шмат хто ў Верхнядзвінску падзяляе ягоную пазіцыю недаверу да ўладаў. Аднак многія людзі апасаюцца адкрыта выказваць сваю палітычную пазіцыю, бо баяцца страціць працу. Аднак нямала і тых, хто гатовы да адкрытых выступаў, бо хочуць справядлівасці і праўды.

Беларускае Радыё Рацыя