Чатыры станцыі 3-й лініі метро адкрыюць 3 ліпеня 2020 года
Дату паведамляе агенцтва „Мінск-Навіны”.
Танэлепраходчы шчыт «Алеся» пачаў рыць чацвёрты тунэль – з «Вакзальнай» да «Кавальскай слабады» 24 траўня. Тады адзначалася, што з гэтай справай шчыт павінен справіцца да снежня. Зараз скончыць гэтую праходку плануюць у пачатку кастрычніка. У суткі атрымліваецца змантаваць парадку дзевяці кольцаў шырынёй па 1,4 метра.
– Плануем да 30 снежня 2019 года скончыць аздабленне памяшканняў. К 2 студзеня 2020 года – пусціць пробны цягнік, – паведаміў намеснік гендырэктара па ідэалагічнай працы «Мінскметрабуда» Алег Байчук.
Платформы і службовыя памяшканні станцыяў «Вакзальная» і «Кавальская Слабада» ўжо збудаваныя, да канца 2019 году плануецца завяршыць уладкаванне памяшканняў.
Таксама збудаваны тунэль ад «Кавальскай слабады» да «Аэрадромнай», што будзе ля былога аэрапорту. У снежні плануецца пачатак пракладкі тунэлю адтуль да станцыі «Немаршанскі сад», што ў Лошыцы.
У 2010 годзе паведамлялася, што будаўніцтва трэцяй лініі завершыцца ў 2017-м. Цяпер плануецца, што 14 станцыяў будуць гатовыя ў 2026–28 гадах.