Чэмпіянат свету па футболе ў Расеі дадаў працы беларускім памежнікам
Сітуацыя на мяжы складаная, але кантраляваная, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску Аляксей Сыцянкоў, прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі. Паводле Сыцянкова, ў сувязі с правядзеннем чэмпіянату свету па футболе ў Расеі шмат замежнікаў з так званым пашпартам заўзятара аказваюцца затрыманымі на мяжы Беларусі і Еўрасаюзу.
— На жаль, гэта не толькі спорт, але і адна з умоў легалізацыі далейшага следавання ў краіны Еўразвязу. Літаральна сёння ўночы ў нас была сітуацыя, калі на участку Смаргонскай групы затрыманыя чатыры грамадзяніна Марока, учора зноў Марока, пазаўчора Марока. Да гэтага у польскім кірунку затрыманыя грамадзяне Пакістану. І ўсе — вялікія аматары футболу. Калі мы пачынаем з імі працаваць, на жаль, не кожны нават ведае, што такое мяч.
На час правядзення чэмпіянату Беларусь і Расея дамовіліся аб бязвізавым рэжыме для футбольных заўзятараў – каб прайсці памежны кантроль на ўезд замежніку дастаткова мець квіткі на спаборніцтвы. Гэта ёсць і падставай дзеля атрымання пашпарта заўзятара.
Беларускае Радыё Рацыя