Чэргі на беларуска-ўкраінскай мяжы
На пунктах пропуску “Новая Рудня” і “Новая Гута”, што на ўкраінскай мяжы паміж Чарнігаўскай і Гомельскай абласцямі, утварыліся вялікія чэргі аўтамашынаў. Паводле тых, хто праходзіў памежны і мытны кантроль, у такім становішчы вінаватыя найперш беларускія мытнікі і памежнікі.
Беларускі бок тлумачыць чэргі на памежных пераходах вялікай колькасцю людзей, якія вяртаюцца праз украінска-беларускую мяжу ў Расею пасля заканчэння калядных вакацыяў. Паводле прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта, “заўтра рпачынаецца працоўны дзень, і шмат хто вырашыў павярнуцца ў Расею менавіта цяпер. Гэты фактар адначасовасці і спрычыніўся да чэргаў на мяжы”. Такое тлумачэнне выглядае даволі сумнеўна: пасля анексіі Крыма і пачатку фактычнай вайны на Данбасе колькасць аўтамабіляў з расейскай рэгістрацыяй на беларуска-украінскіх памежных пераходах скарацілася да мінімуму.
Тыя, хто ўжо прайшоў украінска-беларускую мяжу ў “Новай Рудні” і “Новай Гуце”, вытлумачваюць чэргі тым, што асабістыя рэчы цяпер правяраюцца куды больш пільна, чым летась. Прычына навідавоку: з 1 студзеня дзейнічае Пагадненне паміж Украінай і Еўразвязам пра Зону вольнага гандлю і, адпаведна, нулявым мыце.
Недарагія і якасныя тавары з Еўразвязу яшчэ не апанавалі ўкраінскія рынкі, але ж прэвентыўныя ператрусы на мяжы, пэўна, мусяць адбіць ахвоту весці такія тавары ў Беларусь.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя