Чэргі ў гарадзенскай дзіцячай паліклініцы
З шасці гадзін раніцы гарадзенцы вымушаныя займаць чэргі ў гарадскую дзіцячую паліклініку, каб атрымаць талон на прыём да вузка-профільных лекараў-спецыялістаў, недахоп якіх выкліканы як сезонам адпачынкаў, так і адсутнасцю іх неабходнай колькасці.
Праблема палягае ў першую чаргу на нізкіх заробках медыкаў у дзіцячых медычных установах горада, што выклікае незадаволенасць грамадзянаў, якія павінны па некалькі гадзінаў праводзіць у чэргах:
– Да артапеда мы два тыдні тэлефанавалі, каб запісацца, а палове восьмай тэлефанавалі, а калі дазваніваліся – талончыкаў не было.
– У нас бясплатная медыцына – хоць нешта радуе.
– Вельмі нязручна, што адна дзіцячая паліклініка на шмат раёнаў.
– Праблема наведаць паліклініку на Даватара, напрыклад, неўрапатолаг адзін на ўвесь Ленінскі раён.
Сярэдні заробак лекараў дзіцячых паліклінік Гародні складае ў сярэднім 3 мільёны рублёў. Мізэрныя памеры выплат вымушаюць сыходзіць з прафесіі не толькі маладых спецыялістаў, але і лекараў са шматгадовым вопытам працы.
Беларускае Радыё Рацыя