Чорны гумар ва Украіне



Уладзімір Пуцін цяпер рэкламуе надмагільныя помнікі на Жытоміршчыне. Такі рэкламны ход прыдумалі вытворцы могілкавых помнікаў у вёсцы Улашоўка, што ў Жытомірскай вобласці.

Пра чорны гумар украінскіх камунальшчыкаў распавядае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

На тэрыторыі вясковага прадпрыемства, якое вырабляе надмагіллі, пастаўлены два помнікі з чорнага камяню, з выявай чалавека, вельмі падобнага да прэзідэнта Расейскай Федэрацыі. Прозвішча, як і мае быць на надмагільных помніках, няма, на ім выбіта толькі імя і імя па бацьку: “Владимир  Владимирович».

Гэта ўжо не першы выпадак ва Украіне, калі партрэт чалавека, падобнага да прэзідэнта Расеі, змяшчаецца на надмагіллі. Адразу пасля анэксіі Крыма ў Прылуках, што ў Чарнігаўскай вобласці, з’явілася надмагілле з выявай яшчэ жывога прэзідэнта Расейскай Федэрацыі з эпітафіяй “Хуцін Пуй”. Надмагілле таксама зрабіла бюро рытуальных паслугаў. Летась падобнае надмагілле, з партрэтам Пуціна в вобразе Гітлера і з нецэнзурным вызначэннем, было пастаўленае актывістамі “Аўтамайдана” акурат насупраць расейскай амбасады ў Кіеве. Праўда, апошняе прастаяла толькі тыдзень, пасля чаго яго разабралі на сувеніры.

Пакуль невядома, як паставіліся жыхары вёскі Улашоўка да крэатыва вытворцаў помнікаў і ці паўплываў такі рэкламны ход на продажы надмагілляў.

2016-02-03_achromienka_ukraina_nadmahille_pucina_reklama

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота 24tv.ua