„Чорныя варанкі” і тактыка „выпаленай зямлі”



Рэжым у Беларусі надалей праводзіць зачыстку не толькі палітычнага, але і культурна-грамадскага поля. Раней па начах ездзілі “чорныя варанкі”, цяпер і днём людзей затрымліваюць на працы і нават у працоўнай вопратцы.

Прыгадалася мне тактыка “выпаленай зямлі”, якую выкарыстоўвалі ў тым ліку расейскія генералы падчас Першай сусветнай вайны. У 1915 годзе, калі расейскае войска цярпела паражэнне ад немцаў, вялікія масы людзей вырашылі перасяліць на ўсход, пазбавіўшы праціўніка рэсурсаў. Так, з падтрымкай магутнай кампаніі прапаганды і ў тым ліку праваслаўнага духавенства, пачалося масавае і трагічнае бежанства, якое закранула жыцці сотняў тысяч, а нават і мільёнаў чалавек. Складваецца ўражанне, што і цяперашнія ўлады Беларусі выкарыстоўваць гэтую ж тактыку, знішчаючы ўсе рэсурсы незалежнага грамадства, а найперш людскія. Адных садзяць у турмы і катуюць, іншых запалохваюць, а іншых прымушаюць выехаць з краіны. Едзьце – і не вяртайцеся. Нядаўна трох прадстаўнік польскай нацыянальнай меншасці нават з-за кратаў адправілі ў Польшчу, маўляў, гэта “жэст добрай волі”. Але за гэтым жэстам – не жаданне бачыць грамадзян Беларусі на тэрыторыі Беларусі. Як там казалі, “няма чалавека – няма праблемы”.

І хоць разуменне таго факту, што сёння ў Беларусі затрымаць і выкінуць з краіны могуць кожнага, але прызвычаіцца да гэтага немагчыма. Апошнім часам “узяліся” за нашых знаных культурных дзеячаў. Вымушана была ўцякаць у роспачы з малым дзіцём на руках паэтка і журналістка Валярына Кустава, якая пазней, ужо з бяспечнага месца, напісала пра крымінальныя справы, распачатыя супраць яе і нервовыя ўцёкі, як яе эвакуіравалі лясамі і балотамі. Напярэдадні прыйшлі з ператрусам да краязнаўцы з мястэчка Параф’янава на Глыбоччные Кастуся Шыталя, у якога канфіскавалі ўсю тэхніку, нібыта ён сведка па нейкай крымінальнай справе і ў яго кампутары могуць быць матэрыялы, важныя для следства. Што ж, у кампутары Шыталя знойдуць мноства цікавейшых краязнаўчых матэрыялаў і фотаздымкаў, можа нехта крыху адукуецца. Кіраўніка хору “Унія” Паўла Гонцу затрымалі на працоўным месцы. Здарылася гэта 16 чэрвеня ў абед. “Затрымалi яго на сцэне, на рэпетыцыi канцэрту ў сцэнiчным касцюме. Куды павезлі, ніхто не ведаў. Ва ўсiх РУУСах адказвалi, што яго няма. Калi мы сказалі, што Паўлу трэба змянiць адзенне і вярнуць сцэнічны касцюм, нам адказалі, што кіраўніцтва ведае, дзе ён. Маўляў, выйдзе — верне”, — распавялі блізкія Паўла. Цяпер кіраўнік хору знаходзіцца на Акрэсціна. І вось літаральна напярэдадні ўвечары з’явілася інфармацыя, што пракуратура ініцыявала закрыццё сацыяльна-культурніцкай установы “Крылы Халопа” у Берасці. Пра гэта паведаміла рэжысёрка і акторка тэатру Аксана Гайко. І гэта падзеі толькі з апошніх дзён.

І сапраўды, застаецца “выпаленая зямля”. Вось і ў Гародні няма ўжо фактычна крамы нацыянальных колераў “Адметнасць”, у якую хочацца зайсці пры кожным прыездзе ў горад, а хутка знікне афіцыйна і Цэнтр гарадскога жыцця. Сказаць, што ўсё гэта сумна – не сказаць нічога. Застаецца вера ў тое, што на гэтым папялішчы ўзыдуць новыя парасткі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя