Чым даўжэй едзеш са Слоніма ў Гародню – тым лепш
Калі слонімскім работнікам культуры, адукацыі, спорта і г.д. неабходна паехаць у Гародню ў камандзіроўку, то праязныя білеты ім аплоцяць толькі тыя, якія атрыманы з касаў вакзала ці з аўтастанцыі.
Альбо білеты са слонімскіх прыватных фірмаў: ПУП “МрояТУР Слонім” ці ПТУП “СВ-Фрыптуляк” і ўсё. Але маршруткі з гэтых прыватных фірмаў у Гародню па буднях не курсіруюць. І цяпер, калі слонімцам трэба паехаць у камандзіроўку ў абласны горад, неабходна ў 6 гадзін раніцы і нават раней быць на вакзале, і ехаць цягніком ці электрычкай, альбо міжгароднім аўтобусам некалькі гадзін лішніх. Хаця са Слоніма ў Гародню штодзённа курсіруюць шмат праватных маршрутак, якія пад’едуць у любы мікрараён горада, забяруць своечасова, і праз гадзіны паўтары-дзве слонімцы ў Гародні. І там іх падвязуць нават туды, дзе ім трэба быць. Але паехаць на маршрутках ІП яны не могуць, бо білеты з ІП ім не аплоцяць. Такі загад слонімцы маюць з Гарадзенскага аблвыканкама ад 1 лютага 2016 года, дзе ёсць спісак, на чым пасажыры павінны ездзіць у Гародню ці ў Менск, і білеты з якіх прадпрыемстваў па перавозцы пасажыраў кампенсуюць. Гэта датычыць і іншых гарадоў Гарадзеншчыны.
І каб са Слоніма, напрыклад, паехаць на некалькі гадзін у камандзіроўку ў Гародню, трэба затраціць 10-12 гадзін. А калі не падабаецца такі “аўтасервіс”, і калі жадаеш хутчэй заехаць у абласны горад і вярнуцца, то едзь за свой кошт. Вось такі “аўтасервіс” па перавозцы пасажыраў прыдумалі ў Гарадзенскім аблвыканкаме.
Валянціна Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя