Чым займаецца былы адвакат Марыі Калеснікавай?



Людміла Казак, экс-адвакатка Марыі Калеснікавай, распавяла, што працягвае змагацца за аднаўленне ліцэнзіі.

Нагадаем, што 19 лютага Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці Мінюста пазбавіла Людмілу Казак адвакацкай ліцэнзіі за “здзяйсненне правіны, несумяшчальнай з высокім званнем адваката”.

Гэта не першы адвакат, які абараняе “палітычных” і пазбаўляецца адвакацкай ліцэнзіі.

Людміла Казак: Працягваю у судах даказваць, што мяне няправільна пазбавілі адвакацкай дзейнасці, хачу прайсці, як кажуць, усе кругі пекла. Абскарджваю рашэнне Міністэрства юстыцыі і ў хуткім часе будзе, відаць, апошняе пасяджэнне, якое нельга ўжо будзе абскардзіць.

Але ў любым выпадку ўсё гэта забірае вельмі шмат часу, хаця, мяркую, што прайсці ўсе стадыі абскарджвання – гэта прынцыповы момант.

Паралельна я абмяркоўваю нейкія моманты, якія звязаны з маім будучым месцам працы, бо прапановы ёсць. Таксама займаюся самаадукацыяй, вывучаю замежныя мовы і думаю, што мне рабіць далей.

РР: Зараз ціск ідзе на многіх адвакатаў, якія абараняюць “палітычных”…

Людміла Казак: 21 красавіка ў Мінюсце будзе чарговае пасяджэнне камісіі і, думаю, грамадства пачуе яшчэ шмат новага і цікавага наконт таго, якія сёння прэтэнзіі прад’яўляюцца адвакатам.

Па вялікім рахунку, я дапускала, што такая сітуацыя можа быць, але гнала гэтыя думкі прэч. Калі ты не вінаваты, а тваю віну ствараюць штучна, то ўсё роўна ж у душы разлічваеш, што могуць разабрацца па справядлівасці.

Але атрымліваецца нонсенс. Зараз адвакаты, якія павінны абараняць людзей, не могуць абараніць сябе. Як кажуць, супраць лома няма прыёма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Тут. бай