Чым закончыцца супрацьстаянне ў Берасці?
Берасцейскі блогер Аляксандр Кабанаў распавёў, што 23 чэрвеня праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці могуць азнаёміць з вынікам праверак прадпрыемства.
Нагадаем, што днямі старшыня Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс сустрэўся з грамадскімі актывістамі, якія выступаюць супраць будаўніцтва завода, і паведаміў ім, што пакуль дзейнасць прадпрыемства прыпыняецца. Але што будзе далей?
Аляксандр Кабанаў: Зараз сітуацыя крыху незразумелая. Праца завода прыпынена, але на прадпрыемства прыязджаюць рабочыя. Больш нікога на завод не пускаюць.
Але ёсць папярэднія дамоўленасці, што ў гэтую нядзелю, 23 чэрвеня, будзе сустрэча грамадзян з прадстаўнікамі гарадской і абласной улады, і будуць агучаны нейкія канчатковыя рашэнні.
РР: Раней вы казалі, што праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода павінны азнаёміць з вынікамі праверак завода.
Аляксандр Кабанаў: Мы перадалі спадару Лісу ўсе нашы пртэнзіі, і ён абяцаў, што праверкі пройдуць па ўсіх фактах. Мяркую, вынікі праверак могуць агучыць менавіта ў гэтую нядзелю, бо абяцалі, што зробяць гэта на працягу тыдня.
РР: Як далей могуць развівацца падзеі?
Аляксандр Кабанаў: Тое, што нас пачулі, гэта, безумоўна, крок наперад, але не перамога. Улады таксама выказалі заклапочанасць экалагічнай бяспекай рэгіёна і наяўнасць праблем, хаця раней казалі, што ўсё цудоўна. Мы будзем працягваць настойваць на поўным закрыцці завода, і ад гэтага не адступімся.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя