Чым запомніўся 2015 год на Берасцейшчыне?



Год складанасцяў і магчымасцяў— так можна акрэсліць 2015 год для Берасцейшчыны.

2015 год даў магчымасць для камунікацыі з выбаршчыкамі, трансгранічнага супрацоўніцтва, развіцця культурніцкага асяроддзя, і ў той жа час у складаным стане апынулася эканоміка рэгіёну і сродкі масавай інфармацыі.

Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі адзначыў, што 2015 год – гэта год перамогаў:

— Мы дасягнулі шэрагу перамог на рэгіянальным узроўні. Дзякуючы нашым салідарным, паслядоўным і настойлівым дзеянням мы дамагліся вяртання ракі Мухавец у возера Спораўскае ў агульнадаступнае карыстанне: дамовы арэнды на прамысловую лоўлю рыбы — скасаваныя. У Мікашэвічах мы паспяхова змагаліся за добраўпарадкаванне дарог і дваровых тэрыторыяў. Упершыню мы пачалі лакальныя акцыі ў Драгічынскім раёне, наша праца ў Пінску стала больш актыўнай.  

2015 год для Берасцейшчыны, як і для ўсёй краіны, запомніўся правядзеннем прэзідэнцкай кампаніі. Актывісты змаглі зладзіць дзясяткі пікетаў у падтрымку кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў, падрыхтаваць некалькі соцень назіральнікаў. Старшыня Берасцейская абласной арганізацыі партыі левых Справядлівы свет, Людміла Дзенісенка, што гэты год даў добрую магчымасць для камунікацыі партыйцаў з грамадствам:

— Самае галоўнае для партыі — удзел у палітычных кампаніях, такіх, як выбары. Гэты год быў вельмі напружаным, бо праходзілі выбары прэзідэнта. У нас быў кандыдат, за якога мы збіралі подпісы. На жаль, подпісы сабраць не ўдалося, але для партыі год бы вельмі плённым. Нашы людзі, асабліва маладыя сябры партыі, папрацавалі падчас прэзідэнцкай кампаніі, набылі досвед і мы рыхтуемся да кампаніі 2016 года, да парламенцкіх выбараў.

Амаль два дзясяткі трансгранічных праектаў у межах праграмы Польшча Беларусь Украіна былі сёлета рэалізаваныя на Берасцейшчыне. Яны далі не толькі інвестыцыі ў развіццё эканомікі рэгіёна, але і новыя кантакты, — пра гэта распавёў кіраўнік Берасцейскага сакратарыяту праграмы Максім Алданаў:

—  Жыхары не толькі Берасця, але і вобласці могуць намацальна заўважыць вынікі трансгранічнай супрацы, бо ў 2015 годзе ўсе праекты завяршыліся. Сярод праектаў, якія ўжо ўплываюць на жыхароў рэгіёна можна назваць: адкрыццё памежнага пераходу Пясшчатка, рэстаўрацыю парка ў горадзе Высокае, каналізацыйныя сеткі ў Высокім, рэстаўрацыя корпусаў Берасцейскага абласнога псіха-неўралагічнага дыспансеру з закупленым абсталяваннем, пабудаваны з нуля музей-сядзіба Напалеона Орды.

Гэты год стаў складаным для СМІ, асабліва незалежных. Да адсутнасці свабоды слова ў Беларусі дадаліся эканамічныя чыннікі. Асабліва складаным у фінансавым плане год апынуўся для прадстаўнікоў незалежнай прэсы, — адзначыў рэдактар «Брэсцкай газеты» Віктар Марчук:

— СМІ — гэта частка эканомікі і таму сітуацыя са СМІ наўпрост залежыць ад сітуацыі ў эканоміцы. А беларуская эканоміка цяпер нездаровая, што вельмі жорстка адбіваецца на сітуацыі са СМІ. Падаюць наклады, падаюць даходы рэдакцыяў, бо падае бізнес, ліквідуюцца прадпрыемствы, адпаведна скарачаецца колкасць рэкламадаўцаў.

Плённым 2015 год выдаўся для прадстаўнікоў культурніцкага асяроддзя Берасця: тут пачалі актыўную працу такія пляцоўкі як: «Грунтоўня»  і прастора незалежнага тэатра «Крылы халопа».

Наперадзе – 2016 год – гэты перыяд можа апынуцца для берасцейскага рэгіёну не менш складаным, чым папярэднія. Большасць сфераў жыцця прывязаныя да эканомікі, а эканамічныя прагнозы пакідаюць жадаць лепшага. Таму новы год, як ніколі, будзе патрабаваць шмат намаганняў для паляпшэння сітуацыі, у тым ліку ў рэгіёнах.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце