Чым жыве палітвязень Дзяніс Марусевіч? Распавяла яго маці
Адказвае на лісты, захапляецца спортам і спрабуе прыстасавацца да жыцця ў калоніі берасцейскі палітвязень Дзяніс Марусевіч. Пра гэта распавяла яго маці Людміла Марусевіч. Яна адзначыла, што ў сына ўсё без зменаў – чакае і спадзяецца на лепшае:
„Дзяніс па-ранейшаму знаходзіцца ў папраўчай калоніі нумар 2 у Бабруйску. Інфармацыя такая: мы з ім стэлефаноўваемся па відэасувязі і па тэлефоне. Нядаўна завезлі прадуктовую перадачу на новы год. З 50 кілаграмаў – 10 садавіны і агародніны. Учора ён тэлефанаваў – удзельнічаў у спаборніцтвах па боксе, якія тамака праходзяць у калоніі, і наш Дзяніс выйшаў у фінал”
Дзяніс Марусевіч – гэта 25-гадовы спартовец з Берасця. Абвінавачваецца ў частцы 2 артыкула 293 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь або ўдзел у масавых беспарадках. Знаходзіцца ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя