Асобы пры пасадах могуць беспакарана абражаць беларусаў?
Маці хлопчыка з інваліднасцю Вольга Макарэвіч, якая жыве ў Гародні, намагаецца атрымаць кампенсацыю за маральны ціск, які аказвалі на яе некаторыя пасадоўцы прадпрыемства „Гроднапрамбуд” падчас змагання за парушаныя правы дзіцяці.
Калегія абласнога суда, што разглядала апеляцыйную скаргу Вольгі Макарэвіч, на чале з Юрыем Карэцкім, не задаволіла яе вымогаў:
– Я проста ўпэўнена, што гэтыя выпадкі будуць працягвацца. Пасадоўцы не былі пакараныя, значыць будуць меркаваць, што можна далей з усімі астатнімі паступаць так – прыніжаць, абражаць. Канешне, сведкі не маглі пацвердзіць маіх словаў таму, што страх згубіць працу вышэй за ўсё. Застацца без працы з маленькімі дзецьмі і з вялікімі крэдытамі, канешне, на гэта ніхто не пойдзе. Такіх смелых, як я, вельмі мала.
Суд палічыў, што абразы з боку некаторых пасадоўцаў прадпрыемства, а таксама маральныя пакуты, якія пацягнулі пагаршэнне здароўя Вольгі Макарэвіч падчас змагання за правы свайго хворага дзіцяці, не вартыя кампенсацыі. Нагадаем, што раней яна дамаглася праз суд выплаты дапамогі для сына, якую не выплочвалі цягам 20 месяцаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня