Чыноўнікі не затрымліваюцца на дзяржслужбе з-за яе палітызаванасці



Паводле даследавання цэнтра SYMPA/BIPART у Беларусі расце цякучасць кадраў дзяржаўнай службы, чыноўніцкая пасада страчвае сваю прывабнасць.

Пра галоўную прычыну гэтай з’явы Радыё Рацыя распавяла дырэктарка цэнтра SYMPA/BIPART Наталля Рабава:

– Я лічу, што гэта звязана з усеагульнай палітызацыяй. У нас атрымліваецца, што дзярслужбоўца нічым не абаронены. Вось глядзіце: у выпадку дамаганняў на працы, або прымушаюць вас фальсіфікаваць выбары – куды вам пайсці? У прафсаюз, у суд? Начальства прымушае рабіць рэчы не зусім законныя з вашага пункту гледжання або тое, што не ўваходзіць у вашыя службовыя абавязкі, або гэта ўвогуле не вашае непасрэднае кіраўніцтва – нейкі там міністр вас раптам даручэннямі закідаў. І што? Вы не абароненыя, гэта – палітызацыя, сістэма цалкам залежыць ад павеваў асноўнай лініі.

Акрамя таго, паводле экспертаў, беларуская дзяржаўная служба зараз пазбаўленая прадказальнасці, няма пэўнасці правіл гульні, а значыць і пэўнасці ў прасоўванні па карʼернай лесвіцы.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя