Чыноўнікі Віцебскага аблвыканкаму таксама пісалі нацыянальную дыктоўку



Упершыню на такую імпрэзу завіталі начальнік упраўлення культуры Пётр Падгурскі і кіраўнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Генадзь Ягораў. Разам з усімі, хто сабраўся 22-га лютага ў абласной бібліятэцы,  яны пісалі дыктоўку паводле твора Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”.

Тэкст дыктоўкі прачытаў выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Юрый Бабіч. Ён распавёў, што напярэдадні сябры рады сустракаліся з чыноўнікамі абласнога рангу ва ўніверсітэце, і спадзяецца на станоўчыя вынікі гэтай сустрэчы:

– Варта чакаць таго, што ў нас не будуць змяняцца шыльды – з беларускамоўных на рускамоўныя, як гэта назіраецца апошнім часам. Я вельмі спадзяюся на тое, што ў нашых рэгіянальных структураў не будзе праблем з ажыццяўленнем статутнай дзейнасці, як гэта ёсць , прыкладам, у Полацку. Дамовіліся і пра тое, што будзем працаваць дзеля таго, каб у нас з’явіўся  першы беларускамоўны клас у горадзе.

Паводле Юрыя Бабіча, вялося і пра змену фармату агульнанацыянальнай дыктоўкі: у наступным годзе, магчыма, яе запішуць на тэлебачанні, і будуць трансляваць у Дзень роднай мовы для ўсіх жыхароў вобласці. Ці прыжывецца такі фармат – пакажа час. Бо на дыктоўку людзі прыходзяць у першую чаргу каб сустрэцца з аднадумцамі, неабыякавымі да лёсу беларускай мовы, кажа адна з удзельніц, Ірына Аляксандрава:

– Я з задавальненнем прыйшла на гэтую шыкоўную імпрэзу. Я лічу, што гэта вельмі карысна для нас – у краіне, дзе родную мову не паважаюць у належнай ступені. Мы павінны самі падтрымліваць яе і развіваць, бо мова – гэта душа нашага народа.

Для ўдзельнікаў агульнанацыянальнай дыктоўкі студэнты і выкладчыкі віцебскіх ВНУ падрыхтавалі паэтычную праграму. А напрыканцы адбылося ўручэнне падарункаў – кніг, якія атрымалі не “выдатнікі”, а тыя, хто не пасаромеўся прызнацца, што напісаў дыктоўку з памылкамі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя