“Чырвонэ, малэнькэ, хату сгубыть” ды “Чырвоны вол чорного лыжэ”
Гэта загадкі жыхароў Пінскага Палесся сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Няцяжка здагадацца, прынамсі ў першым варыянце, што гаворка вядзецца пра агонь. Здавалася б, што Палессе, а тым больш тое Палессе да меліярацыі – край непраходных багнаў і незлічоных рэк, але і пасярод вялікай вады агонь наносіў шкоду. Таму мясцовыя надзвычай асцярожна абыходзіліся з ім, а маланкі дык наўпрост баяліся.
Просты сялянін-паляшук стагоддзе назад толькі і спадзяваўся на ласку Бога. Напрыклад, калі маланка, то ў некаторых вёсках Пінскага павета жыхары выносілі на двор абрус, якім засцілалі стол на Вялікдзень. Таксама выносілі і лапату, якой клалі хлеб у печ. У самой хаце запальвалі грамнічную свечку ды ставілі на покуці. На працягу ўсёй непагадзі маліліся. Супрацьпажарныя захады таксама былі ў большасці рэлігійныя – білі вярбой кожны кут у хаце. Калі ж напаткала бяда, то жанчыны выносілі абразы і стаялі з імі каля хаты, маліліся, каб полымя не перакідвалася далей. Мужыкі спрабавалі збіць агонь з дапамогаю пяска, вады ды сцягнуць саламяны дах.
На версе стога – крыж як абярэг ад маланкі. Пінкавічы, 1934 год. Здымак: Л.А. Бойд
Сітуацыя нязменьвалася стагоддзямі. Пажарная небяспека ўзмацнялася размяшчэннем пабудоў у вёсцы. На гэты факт на пачатку ХХ стагоддзя звярнуў увагу знаны польскі географ, адзін з кіраўнікоў Міжнароднага геаграфічнага саюзу Станіслаў Паўлоўскі: “Палескі селянін так моцна прывязаны да вёскі з адной вуліцы, што нават частыя пажары не змаглі адбіць у яго ахвоту забудоўваць вёску гэткім чынам, дзе дамы, якія стаяць уздоўж вуліцы, шчыльна прыціснуты адзін да аднаго. Палеская роўнядзь спрыяе падобнаму тыпу забудовы, і часта вёскі расцягваюцца ўдаўжыню на 2-3 км…”. Гэта значыць, што агонь мог наўпрост пераходзіць ад двара ў двор і ўзнікала пагроза ўсяму сялу.
Вуліца ў вёсцы Кудрычы, 1934 год. Здымак: Л.А. Бойд
Тэму пажараў на Палессі ў ходзе экспедыцыі па Піншчыне не абмінула і сусветна вядомая амерыканская даследчыцы Луіза Арнер Бойд. У кастрычніку 1934 года яна адзначыла: “Дахі накрыты трыснягом з нізінных балот, балотнай травой альбо чаротам. Цесната сядзібнай забудовы і хуткае ўзгаранне будаўнічых матэрыялаў прадстаўляюць сур’ёзную пагрозу падчас пажараў. Аб гэтым нагадваюць драбіны, прыстаўленыя да сцяны хаты, – звычка – прыўнесеная аднекуль. Паблізу знаходзяцца доўгія жэрдкі, некаторыя з мётламі на адным канцы, іншыя – з доўгім жалезным гакам для зрывання палаючага даха”.
Палеская вёска ў сярэдзіне 1930-х гадоў. Здымак: Л.А. Бойд
Гарэлі не толькі палескія вёскі, але і сталіца “краіны багнаў” – Пінск. Горад не раз знішчаўся агнём у XVI, XVII, XVIII стагоддзях. У 1648 і 1655 гадах горад над Пінай гарэў у выніку войнаў. То казакі Багдана Хмяльніцкага адбіваліся з пінскіх муроў ад войска ВКЛ, то рабаўніцткі рэйд зрабіў атрад маскоўскага ваяводы Дзмітрыя Валконскага. “Усе скарбы, розныя тавары, золата, серабро, свінец, волава, касцёльныя і царкоўныя званы, рознае збожжа і ўсе хатнія набыткі, дашчэнту выбраўшы, да байдакоў і чаўноў пазносілі і пазвозілі, а, адыходзячы з Пінска, замак, месца, касцёлы, цэрквы, рынкавыя крамы, дамы, фальваркі, а таксама два свірны, што на рынку стаялі, цалкам усё месца з дастаткамі спалілі і ўнівеч абвярнулі і заледзьве некалькі дзясяткаў дамоў з аднаго канца на прадмесці, да якіх агонь не дайшоў, засталося…”, – пісаў гісторык Міхась Ткачоў у артыкуле “Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг.”.
Канечне, не адное вогненае кола вайны пракацілася праз Піншчыну, як і ўсю Беларусь. Але пажары ў выніку вайсковых дзеянняў – гэта зусім іншае, чым у выніку прыроднай з’явы альбо жыццядзейнасці людзей, а кажам менавіта пра гэта. Дык вось, Пінск не аднойчы гарэў з-за лазняў, якія рэкамендавалася трымаць на ўскрайку месца, і ўвогуле, горад быў з большага драўляны, таму ўзгаранні час ад часу здараліся.
Апошні вялікі пажар у Пінску адбыўся амаль сто гадоў таму, у верасні 1921 года. Тады агонь знішчыў увесь гарадскі цэнтр і Пінск страціў статус галоўнага горада ў ваяводстве. Бяда была настолькі адчувальнай, што гэта стала моцным штуршком для арганізацыі прафесійнай пажарнай аховы. Ужо ў лістападзе 1921 года было ўтворана аб’яднанне пажарнікаў Палескага ваяводства, а ў 1926 годзе ўзнік асобны саюз ратавальнікаў Пінска. Праз невялікі час пінскую пажарную службу прызналі адной з лепшых у тагачаснай Польшчы.
Пінск пасля пажара 1921 года.
У наш час ратавальнікі робяць шмат захадаў, каб папярэдзіць пажары. Амаль штомесяц адбываюцца прафілактычныя акцыі, інфармаванне насельніцтва, праверка жыллёвага фонда і ўсталяванне розных апавяшчальных сістэм. Тым не менш, трагедыі здараюцца, і, на жаль, акрамя шкоды маёмасці, агонь адбірае жыццё. Таму як бы не ўдасканальваліся сродкі супрацьпажарнай абароны, але на першым месцы, як і стагоддзі таму, асцярожнасць.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск