Чырвоны Крыж дапамагае ўкраінцам



Па афіцыйных дадзеных у Беларусь з Украіны прыехала 26 тысяч вымушаных уцекачоў. Першую дапамогу ў выглядзе жылля, харчавання і штодзённых рэчаў арганізоўвае Чырвоны Крыж. Пад пражыванне адведзеныя базы адпачынку, санаторыі і сацыяльныя дамы, у сярэднім у дзень на аднаго бежанца выдаткоўваецца каля 45 рублёў.

На працягу ўсёй вайны беларусы няспынна нясуць ахвяраванні”, – адзначае прадстаўніца Чырвонага Крыжа Надзея Аксак:

– Магу сказаць, што гэта тысячы людзей, прыходзяць нават пенсіянеры. І яны бляшанкі тушонкі, згушчонкі просяць перадаць з цёплымі словамі і пажаданнямі. Што значыць разбураны дом? Гэта значыць – нічога няма, ні бялізны, ні прадметаў бытавога карыстання, ні кухонных прыладаў, ні ручніка, ні падушкі, ні коўдры. Таму мы гэта ўсё прымаем.

Суразмоўца дадае, што хоць для большасці ўкраінцаў Беларусь з’яўляецца транзітнай краінай, але ад дапамогі ніхто не адмаўляецца. Людзі хочуць і адпачыць пару дзён ад дарогі, крыху супакоіцца ад трагедыі.

Беларускае Радыё Рацыя