Чырвоны Крыж ладзіць акцыю «Добры BOX»
Да 31-га траўня Беларускі Чырвоны Крыж ладзіць агульнанацыянальную кампанію «Добры BOX». У яе межах адбываецца збор харчовых набораў для людзей з падвышанай рызыкай захворвання COVID-19. Гэта адзінокія пенсіянеры, людзі з інваліднасцю, малазабяспечаныя грамадзяне. Добраахвотнікі разносяць харчовыя наборы раз на тыдзень.
Валанцёрка арганізацыі Надзея Аксак кажа, што на поўную цягне працаваць незвычайная энергія ўдзячнасці:
– Мы адчуваем, што гэта трэба людзям, што яны маюць патрэбу ў нас. Яны вельмі ўдзячныя нам, жадаюць нам здароўя. Бачна, што гэта шчырая ўдзячнасць. Часта пытаюцца, ці сапраўды ўсё так сур’ёзна. Хоць мы трымаем дыстанцыю, тым не менш, фактычна ніводзін сталы чалавек не адпускае нас без нейкага пытання.
Удзел у зборы харчовых набораў для людзей з падвышанай рызыкай захворвання COVID-19 можа ўзяць кожны ахвотны. Для гэтага ў крамах, дзе ёсць банэр кампаніі, неабходна пакінуць любы харчовы тавар у адмысловай скрынцы. Пасля яго перададуць у Чырвоны Крыж.
Беларускае Радыё Рацыя