Чырвоны Крыж ладзіць кампанію “Вакцынацыя. І сабе і людзям”
Яна скіраваная на садзейнічанне шырокай імунізацыі насельніцтва краіны супраць COVID-19. Кампанія складаецца з двух напрамкаў: інфармаванне насельніцтва пра неабходнасць прышчэпкі і дастаўка маламабільных грамадзян у пункты вакцынацыі.
“Перадусім валанцёры працуюць у сельскай мясцовасці”, – адзначае супрацоўніца Чырвонага Крыжа Надзея Аксак:
„Ходзім па хатах, удакладняем у людзей, ці жадаюць яны вакцынавацца. Расказваем пра тое, як важна паставіць вакцыну. Што людзі старэйшага пакалення больш схільныя да захворвання, і перажываюць яго ў больш цяжкай форме. Адпаведна, калі ў кагосці нейкія пытанні, мы даем нумар, куды яны могуць патэлефанаваць, і ўдакладніць пэўныя моманты, звязаныя са сваім здароўем”.
Суразмоўца дадае, што валанцёры задзейнічаныя ў кампаніі, прайшлі спецыяльны інструктаж аб вакцынацыі і як правільна заахвочваць людзей зрабіць прышчэпку.
