Чырвоны Крыж зладзіў ініцыятыву „Збярэм дзяцей у школу”



Беларускі Чырвоны Крыж падсумоўвае папярэднія вынікі дабрачыннай кампаніі “Збярэм дзяцей у школу”, якая закранула ўсе рэгіёны краіны. Акцыя трывала паўтара месяца. За гэты час ад неабыякавых грамадзянаў валанцёры сабралі ахвяраванні амаль для 7 тысяч дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Па словах супрацоўніцы арганізацыі Надзеі Аксак, дапамога была адраснай:

„Мы супрацоўнічалі з сацыяльнымі педагогамі школ, яны далі нам інфармацыю аб наяўнасці ў школах маючых патрэбу дзяцей, і мы працавалі з імі напрамую, кожнаму дзіцяці быў падабраны адрас. Калі дзіця навучаецца ў пачатковай школе, адпаведна камплект уключаў у сябе больш набораў для творчасці: фарбы, пэндзлі, каляровая папера. Калі дзіця было з сярэдняй школы, то вядома гэта ў агульнай меры былі больш сшыткі і заплечнікі”.

Акрамя канцэлярыі, малазабяспечаным сем’ям перадавалі ці набывалі вопратку неабходную для заняткаў у школе.

Беларускае Радыё Рацыя