CК: Па «справе БелТА» суровых пакаранняў не будзе



Злачынства, здзейсненае фігурантамі так званай «справы БелТА», не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч у інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1” 6 верасня.

„З пункта гледжання следчай сітуацыі — банальная, простая справа. Яна ніякай складанасці не ўяўляе ў расследаванні. Іншая справа, што тут былі закранутыя журналісты, і [яна] атрымала на пустым месцы такі шырокі грамадскі рэзананс”, — сказаў Наскевіч.

„Злачынства гэта не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, і, ну, напэўна, пра суровыя меры пакарання ў перспектыве гаворкі быць не можа, — адзначыў кіраўнік камітэта. — Але, тым не менш, факт ёсць факт, і гэта прэцэдэнт”.

„Я думаю, што расследаванне па гэтай справе не зацягнецца. Проста ў нас крыху затрымка з аглядам усёй канфіскаванай тэхнікі, а так, у прынцыпе, мы гатовыя да завяршальнай стадыі расследавання”, — паведаміў Наскевіч.

Нагадаем, у жніўні прайшлі ператрусы і затрыманні ў офісах TUT.BY і БелаПАН. Былі затрыманыя некалькі журналістаў і рэдактараў. Мяркуецца, што яны ўваходзілі ў платную стужку БелТА пад чужым паролем.

БелаПАН