CК паведаміць, ці будзе крымінальная справа супраць ксяндза Вячаслава Барка
Ксёндз Вячаслаў Барок, пробашч расонскага касцёла Святога Язафата Кунцэвіча, накіраваўся ў Следчы камітэт – днямі яго выклікалі туды позвай.
Ён паведаміў, што паводле вынікаў праверкі, якую праводзілі следчыя, мае вырашыцца пытанне наконт крымінальнай справы “за экстрэмізм”:
– Мяне азнаёмяць з вынікамі экспертызаў на экстрэмізм – праверкі майго YouTube-канала і некаторых выказванняў у сацыяльных сетках. Будзе таксама прынята рашэнне, ці заводзіць супраць мяне крымінальную справу, ці не.
Следчы Камітэт распачаў праверку кантэнту сацыяльных сетак ксяндза Вячаслава Барка яшчэ летась: 12 лістапада мінулага года яго ўпершыню выклікалі на гутарку да следчых. У межах праверкі праводзілася 13 экспертызаў, пра вынікі якіх ксяндзу Вячаславу маюць паведаміць сёння, 22 красавіка. Следчыя высвятляюць, ці няма ў выказваннях ксяндза заклікаў да экстрэмізму і распальвання міжнацыянальнай варажнечы.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск