CК праводзіць праверку па факце смерці мужчыны ў гарадзенскім кардыяцэнтры
Згодна з паведамленнем гарадзенскага рэсурсу s13.ru, 68-гадовы мужчына павесіўся ў палаце 19 красавіка. Яго знайшла санітарка. Пацыент паступіў у кардыялагічны цэнтр больш за тыдзень таму, яму паставілі дыягназ «пнеўманія». 18 красавіка мужчыну ізалявалі ў асобную палату і ўзялі мазок на COVID-19. Вынікі тэсту пакуль невядомыя.
На просьбу БелаПАН пракаментаваць інфармацыю, афіцыйны прадстаўнік СК па Гарадзенскай вобласці Іна Пазняк адказала, што Гарадзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце смерці мужчыны. «Усе абставіны здарэння высвятляюцца. Згодна з папярэднімі звесткамі, смерць не мае крымінальнага характару. Прызначаныя неабходныя экспертныя даследаванні», – сказала Пазняк.
Атрымаць каментар у кардыялагічным цэнтры пакуль не ўдалося – галоўнага лекара, які мог бы пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю пра інцыдэнт, пакуль няма на месцы.